Мінск 14:03

Амаль усе раёны Беларусі сутыкаюцца з адтокам насельніцтва — Лукашэнка

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

30 красавіка, Позірк. Амаль усе 118 раёнаў Беларусі сутыкаюцца з адтокам насельніцтва, “асабліва сельскага”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 красавіка на нарадзе па пытаннях рэалізацыі інвестпраектаў у рамках ініцыятывы “Адзін раён — адзін праект”, паведамляе прэс-служба палітыка.

“Усе сацапытанні паказваюць, што для жыхароў у рэгіёнах тэма нумар адзін — гэта наяўнасць працоўных месцаў з годным заробкам. Потым ужо ідуць пытанні цэнаўтварэння, вольны час, ЖКГ і гэтак далей”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ініцыятыва “Адзін раён — адзін праект” як раз і разлічана на тое, што будуць створаныя “годныя працоўныя месцы з прыстойнай заработнай платай”.

“Пэўныя станоўчыя вынікі ёсць”, але “выявіўся і шэраг недахопаў, прыпісак, а таксама пустой кантрольна-маніторынгавай дзейнасці”, адзначыў Лукашэнка.

“Для нас цяпер важна пабудаваць прадпрыемствы, прадукцыя якіх будзе запатрабаваная не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынках, — заявіў ён. — І прадаць з высокім прыбыткам. Для нас гэта сёння найважнейшае пытанне. Але трэба рабіць хутка”.

Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2026 года склала 9 млн 56 тыс.80 чалавек — на 1 млн 154 тыс. 323 менш, чым на аналагічную дату 1995 года (10 млн 210 тыс. 403; -11,3%).

Колькасць насельніцтва на пачатак 2025 года складала 9 млн 109 тыс. 280, 2024-га — 9 млн 155 тыс. 978, 2023-га — 9 млн 200 тыс. 617 чалавек, 2022-га — 9 млн 255 тыс. 524, 2021-га — 9 млн 349 тыс. 645, 2020-га — 9 млн 410 тыс. 259.

Звесткі Белстата могуць не ўлічваць масавую эміграцыю з палітычных і эканамічных матываў, якая працягваецца з 2020 года.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады па выніках прэзідэнцкіх выбараў летам 1994 года.

Падзяліцца: