Мінск 14:26

На мяжы з Польшчай і Літвой амаль няма чаргі з аўтамабіляў і аўтобусаў

Илюстратыўнае фота: Памежная ахова Польшчы

11 лістапада, Позірк. На 12:00 11 лістапада выезду ў бок Польшчы праз пункт пропуску Цярэспаль (з беларускага боку — Брэст) чакалі два легкавыя аўтамабілі, на іншых пагранічных пунктах Беларусі з краінамі ЕС чаргі з аўтамабіляў няма, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Таксама ў чарзе няма ніводнага аўтобуса.

Па дадзеных на 8:00, чэргі адсутнічалі цалкам.

ДПК адзначае, што самы загружаны напрамак для руху фур у ЕС — латвійскі, уезду на сумежную тэрыторыю на 12:00 чакаюць 340 велікагрузаў. За выхадныя дні ў Латвію праз адзіны пункт пропуску Патэрніекі (Грыгараўшчына), які функцыянуе, прайшоў 31% грузавікоў ад нормы, адзначае ДПК.

Уезду ў Літву чакаюць 120 велікагрузаў. Менш за ўсё грузавых аўто аформілі супрацоўнікі літоўскага пагранпераходу Мядзінінкай (Каменны Лог) — 18%, г.зн. у сярэднім сумежны бок прымаў 3 фуры з 20 пакладзеных у гадзіну. Кантрольныя службы пункта пропуску Шальчынінкай (Беняконі) за 4 дні прапусцілі на сваю тэрыторыю 48% вялікагрузаў.

Перад мінулымі доўгімі выхаднымі колькасць легкавых аўто перад польскім пунктам пропуску Цярэспаль (Брэст) павялічылася амаль у два разы — па стане на 10.00 6 лістапада ў чарзе знаходзіцца 1.335 аўтамабіляў і 40 аўтобусаў.

28 кастрычніка ў чарзе на ўезд у Польшчу стаяла 88 аўтобусаў. У жніўні колькасць аўтобусаў у чарзе перад пунктам пропуску Цярэспаль даходзіла да 108.

Краіны ЕС закрылі частку пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю з-за абвастрэння адносін з Мінскам пасля падзей 2020 года.

Закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана сярод іншага з міграцыйным крызісам на граніцы Беларусі і краін ЕС, які прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). Улады Польшчы наўпрост заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязанае адкрыццё пунктаў пропуску.

Падзяліцца: