Мінск 13:43

Мінінфарм запатрабаваў выключыць з продажу друкаваныя выданні, якія наносяць “шкоду нацыянальным інтарэсам”

Фота: freepik.com

13 лістапада, Позірк. Выключыць з продажу друкаваныя выданні, якія наносяць “шкоду нацыянальным інтарэсам”, запатрабавала ад распаўсюднікаў Міністэрства інфармацыі.

У публікацыі на сайце ведамства гаворыцца, што аб’екты гандлю павінны “самастойна правесці рэвізію друкаваных выданняў” для наступнай карэкціроўкі асартыменту.

Да “шкодных” Мінінфарм аднёс “друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні аб палавым выхаванні дзяцей, здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне аб сапраўдных сямейных каштоўнасцях”.

Заяўляецца, што ведамствам “у рамках паўнамоцтваў, устаноўленых заканадаўствам, на пастаяннай аснове вядзецца праца па выяўленні і недапушчэнні распаўсюджвання дэструктыўнай літаратуры, у тым ліку якая ўплывае на духоўна-маральную сферу як важны складнік нацыянальнай бяспекі”.

Згаданая праца, паводле сцвярджэння Мінінфарма, спрыяе “захаванню маральных каштоўнасцяў і традыцый беларускага народа”.

15 кастрычніка намеснік старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч заявіў на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, што прадстаўленая ў беларускіх кнігарнях гістарычная літаратура “павінна адпавядаць нашай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы”.

Мастацкая і гістарычная літаратура ўвесь час папаўняе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які вядзе Міністэрства інфармацыі.

15 кастрычніка стала вядома, што ў яго было ўключана навукова-папулярнае друкаванае выданне “Ластоускi В. Выбраныя творы: / Уклад., прадмова i каментар Я. Янушкевiча — Мн.: “Беларускi кнiгазбор”, 1997, 512 с.”. Рашэнне аб прызнанні кнігі экстрэмісцкімі матэрыяламі прыняў суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў напярэдадні.

Пры гэтым раней у спіс ужо ўнеслі выданне твораў гісторыка і дзеяча беларускага адраджэння, выпушчанае ў 1997 годзе. 30 красавіка 2024 года адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Гэтыя выданні адрозніваюцца толькі колькасцю старонак і некаторымі арфаграфічнымі нюансамі ў назве.

У канцы жніўня ў спіс уключаны тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, прыгаворанага 13 верасня да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за інтэрв’ю “Еўрарадыё”, якое на той момант не было прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

У чэрвені ў спіс уключана прадмова літаратуразнаўца Іосіфа (Язэпа) Янушкевіча да двухтомніка “Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”. Уваходныя ў зборнік творы напісаны меркавана ў 1861 годзе — незадоўга да паўстання Кастуся Каліноўскага (1863–1864 гг.). Яны прысвечаны барацьбе за вызваленне беларусаў ад расійскага імперскага ўплыву.

У 2022 годзе ўлады прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кнігу Віктара Ляхора “Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры”, зборнік артыкулаў “Беларусь на ростанях” і кнігу “Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст” пад рэдакцыяй Анатоля Тараса”, кнігу Дзмітрыя Лукашука і Максіма Гарунова “Беларуская нацыянальная ідэя”.

Падзяліцца: