Мінск 00:22

З пачатку года сума наяўных грошай у абароце вырасла на 21% — Нацбанк

14 лістапада, Позірк. Сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) на 1 лістапада 2024 года склала 11 млрд 452,1 млн рублёў, павялічыўшыся за месяц на 1,2% (+138,4 млн рублёў), паведаміў Нацыянальны банк.

З пачатку года сума наяўных грошай у абароце вырасла на 1 млрд 977,5 млн (+20,9%). 1 студзеня яна складала 9 млрд 474,6 млн рублёў.

Пераводныя дэпазіты з пачатку года сталі меншымі на 2,3% — з 15 млрд 29,4 млн да 14 млрд 691,2 млн рублёў.

Наяўных грошай у абароце і пераводных дэпазітаў у нацыянальнай валюце (М1) за дзясяты месяц стала больш на 6,7% — з 24 млрд 504 млн да 26 млрд 143,3 млн.

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася на 40 млрд 238,2 млн да 47 млрд 114,2 млн (+14,6%), рублёвая грашовая маса (М2*) — на 41 млрд 998,5 млн да 49 млрд 86,1 млн (+16,9%), шырокая грашовая маса (М3) — на 75 млрд 668,5 млн да 81 млрд 795 млн (+8,1%).

Захаванне ў беларускіх наяўных грошах і бягучых рахунках у якасці базавага драйвера росту грашовай масы “нясе інфляцыйна-дэвальвацыйныя рызыкі пры ўзнікненнях знешніх шокаў”, гаварылася ў сакавіцкім макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця.

У студзені эканамісты праекта “Кошт урада” адзначалі, што павелічэнне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагроз і рызык — ад “росту аб’ёму ценявых плацяжоў і шэрых схем бізнесу” да “павышэння рызыкі раскручвання інфляцыі і дэвальвацыі”.

7 жніўня прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што “так званыя эксперты палохаюць перагрэвам эканомікі”. “З таго боку ўсе эканамічныя навіны падаюцца выключна ў негатыўным ключы, разлічваючы на людзей, якія не вельмі разбіраюцца ў эканамічных мадэлях”, — сказаў кіраўнік урада.

Паводле яго сцвярджэння, у эканоміцы “магло б быць яшчэ больш грошай”, але пакуль урад “не бачыць патрэбы ў дадатковай крэдытнай падтрымцы банкаўскай сістэмы”.

Перагрэў эканомікі “ўсё ж такі ёсць”, і яго маштаб “досыць значны”, заявіў у гэты ж дзень на брыфінгу старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык.

11 лістапада эксперт адзначыў, што беларуская эканоміка ў трэцім квартале “заставалася сур’ёзна перагрэтай — станоўчы разрыў выпуску склаў 3,2%”. Хоць дэфіцыт на рынку працы “прагрэсаваў — 0,9 беспрацоўнага на вакансію”.

За 2023 год агрэгат М0 вырас на 37,44%, М1 — на 33,85%, М2 — на 34,28%, М2* — на 34,73%, М3 — на 23,56%.

Падзяліцца: