Мінск 21:53

Евангельскія рэфарматы Германіі зноў запатрабавалі вызваліць філосафа Мацкевіча

Крыніца: сайт ПЦ "Вясна"

17 лістапада, Позірк. Сінод VIII Сінадальнага аб’яднання Евангеліцка-рэфармацкай царквы Германіі прыняў заяву ў падтрымку беларускага філосафа, палітвязня Уладзіміра Мацкевіча, паведамляе “Хрысціянская візія”.

У заяве выказаныя “глыбокая заклапочанасць” і “абурэнне” ў сувязі з “несправядлівым асуджэннем Уладзіміра Мацкевіча, філосафа і евангеліцка-рэфармацкага хрысціяніна”.

“Мацкевіч быў пазбаўлены волі за рэалізацыю асноўных правоў чалавека: свабоды выказвання меркаванняў і свабоды рэлігійных перакананняў. Гэта з’яўляецца парушэннем фундаментальных правоў і свабод, якія павінны абараняцца ва ўсім свеце”, — адзначаюць рэфарматы.

Яны “рашуча запатрабавалі” “неадкладнай адмены несправядлівага прысуду Уладзіміру Мацкевічу”, “яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення”, а таксама “забеспячэння свабоды і годнасці ўсіх грамадзян, якія падвяргаюцца пераследу за іх перакананні”.

“Мы заклікаем міжнародную супольнасць звярнуць увагу на гэтую сітуацыю і садзейнічаць абароне асноўных правоў і свабод у Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.

Раней евангельскія рэфарматы Германіі патрабавалі вызвалення Мацкевіча ў красавіку 2023 года.

Евангелічна-рэфармацкая царква Германіі аб’ядноўвае вернікаў з федэральных зямель Ніжняя Саксонія, Брэмен, Гамбург, Шлезвіг-Гальштэйн і Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.

Філосаф быў затрыманы 4 жніўня 2021 года.

23 чэрвеня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Мацкевіча да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Сяргей Епіхаў, унесены ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду, прызнаў яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта). Працэс праходзіў з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме. 30 верасня Вярхоўны суд па выніках разгляду апеляцыі пакінуў прыгавор у сіле.

Філосафу паставілі ў віну “грубае парушэнне грамадскага парадку” падчас пратэстнай акцыі ў Мінску 25 кастрычніка 2020 года.

Таксама Мацкевіча абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2020-га ён на працягу года “стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем”, у рамках якога “вырабляў і размяшчаў у тэлеграм-каналах, старонцы ў “Фэйсбуку” і платформе “Сход” матэрыялы, якія ўтрымлівалі загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным, міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, а таксама негатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў”.

Акрамя таго, паводле версіі абвінавачвання, філосаф абразіў Аляксандра Лукашэнку ў апублікаваным 7 траўня 2021 года відэароліку.

У лютым 2022 года Мацкевіч правёў амаль двухтыднёвую галадоўку ў СІЗА № 1 у Мінску, пратэстуючы супраць таго, што з ім не праводзілася следчых дзеянняў. Філосаф не прызнаў віну і заявіў, што падставай для затрымання і абвінавачвання сталі яго артыкулы, выказванні, ідэі і думкі.

15 лютага 2023 года Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму № 4 са шклоўскай калоніі № 17 згодна з рашэннем суда Шклоўскага раёна (Магілёўская вобласць).

Турэмны рэжым прадугледжвае, што зняволеныя ўвесь час знаходзяцца ў камерах ад 3 да 12 чалавек. Адразу па прыбыцці ў турму зняволены змяшчаецца на строгі турэмны рэжым, на агульны можа быць пераведзены толькі праз шэсць месяцаў — па рашэнні начальніка ўстановы.

Пры агульным турэмным рэжыме зняволены мае права на куплю тавараў максімум на 2 базавыя велічыні (80 рублёў) у месяц, два кароткатэрміновыя спатканні ў год, адну пасылку або перадачу і дзве бандэролі ці дзве дробныя пасылкі ў год, штодзённыя прагулкі ў двары працягласцю да паўтары гадзіны, пры строгім турэмным рэжыме — тавары на 1 б. ст. (40 рублёў) у месяц, адно кароткатэрміновае спатканне ў год, адну бандэроль або адзін дробны пакет у год, штодзённыя прагулкі да гадзіны.

4 лютага мінулага года стала вядома, што адміністрацыя калоніі № 17 у пачатку студзеня змясціла Мацкевіча на тры месяцы ў памяшканне камернага тыпу. З сярэдзіны студзеня блізкія не атрымлівалі ад яго ніякіх вестак.

7 жніўня 2023 года паведамлялася, што філосаф знаходзіцца ў Рэспубліканскай бальніцы ў Калядзічах. Яму была зробленая планавая аперацыя.

68-гадовы Уладзімір Мацкевіч — грамадска-палітычны дзеяч, тэлевядучы, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, першы старшыня рады Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”, заснавальнік “Лятучага ўніверсітэта”.

Падзяліцца: