Мінск 19:14

Ціханоўская заклікала даць Украіне “ўсё неабходнае” для перамогі над РФ

Фота: Нацыянальная паліцыя Украіны

17 лістапада, Позірк. “Відавочным тэрарыстычным актам” назвала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская масіраваны ўдар Расіі па Украіне 17 лістапада.

Гэты ўдар, падкрэсліла палітык у сацсетцы Х, накіраваны “супраць грамадзянскага насельніцтва і крытычна важных аб’ектаў інфраструктуры”.

“Украіна павінна атрымаць усё неабходнае для перамогі. Беларусы падтрымліваюць Украіну ў яе гераічнай барацьбе за свабоду”, — напісала Ціханоўская.

У ноч на 17 лістапада Расія атакавала Украіну ракетамі і дронамі, мэтай удару сталі ў асноўным аб’екты крытычнай інфраструктуры. Украінскія ўлады назвалі атаку адной з найбуйнейшых з пачатку вайны.

Паводле даных украінскага боку, расіяне выпусцілі 120 ракет і 90 БПЛА. Сілы СПА УСУ знішчылі больш за 140 паветраных цэляў.

Камандаванне Паветраных сіл УСУ ўдакладніла, што ўдалося збіць сем з васьмі гіпергукавых ракет “Кінжал” і адну гіпергукавую ракету “Цыркон”, а таксама 89 крылатых ракет і пяць авіяцыйных.

Паведамляецца пра пяць загінулых. У Мікалаеве пры атацы БПЛА загінулі дзве жанчыны, мужчыны 41 і 44 гадоў загінулі ў Адэскай вобласці, у Львоўскай вобласці забітая 66-гадовая пенсіянерка. Паведамляецца таксама пра вялікую колькасць параненых.

Падзяліцца: