Мінск 18:22

У адной з калоній палітвязням прапануюць прасіць аб памілаванні адразу пасля пераводу — “Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

23 лістапада, Позірк. У адной з калоній “палітвязням, якіх толькі перавялі ў папраўчую ўстанову”, прапануюць адразу пісаць прашэнне аб памілаванні, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна” са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Праваабаронцы нагадалі, што з ліпеня на падставе памілавання было вызвалена 178 палітвязняў. За гэты ж час праваабарончая супольнасць надала адпаведны статус 223 людзям.

Напрыканцы ліпеня “Вясна” паведаміла, што ў наваполацкую калонію № 1 (Віцебская вобласць) штодня прыязджаюць прадстаўнікі пракуратуры Мінска, якія “прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні”. Тады гэта тычылася толькі асуджаных на невялікія тэрміны.

“Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у штрафны ізалятар, а некаторым пагражаюць узбуджэннем новай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы)”, — гаварылася ў паведамленні.

Улетку пра “масавы збор прашэнняў аб памілаванні ад палітвязняў у калоніях, турмах і папраўчых установах адкрытага тыпу” таксама паведамляла праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.

За няпоўныя пяць месяцаў у Беларусі прайшло шэсць хваляў памілаванняў палітвязняў. На пачатку ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра вызваленне яго “цяжкахворых апанентаў”, пасля чаго стала вядома пра выхад на волю 18 палітвязняў. Пазней ён падпісаў пяць указаў аб памілаванні асуджаных за “злачынствы пратэстнай” або “экстрэмісцкай скіраванасці” (на падставе ўказа ад 16 жніўня вызвалена 30 чалавек, 4 верасня — 30, 16 верасня — 37, 7 лістапада — 31, 20 лістапада — 32).

На 23 лістапада беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 1.268 чалавек. Насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.

Улады адмаўляюць наяўнасць у Беларусі палітвязняў, спасылаючыся на тое, што ў Крымінальным кодэксе няма “палітычных” артыкулаў. Разам з тым дзясяткі розных крымінальных артыкулаў выкарыстоўваюцца для пераследу з палітычных матываў; тысячы людзей, асуджаных за ўдзел у пратэстах, крытыку і праяву непрымання рэжыму Лукашэнкі, заклеймаваныя “экстрэмістамі” і “тэрарыстамі”.

Падзяліцца: