Мінск 15:52

Ціханоўская хоча вярнуць Беларусь у “сэрца Еўропы”, працуючы з фон дэр Ляен і новым складам Еўракамісіі

Святлана Ціханоўская і Урсула фон дэр Ляен
Архіўнае фота: Еўрапейская служба знешніх дзеянняў

28 лістапада, Позірк. “Я з нецярпеннем чакаю ўмацавання нашага ўзаемадзеяння і сумеснай працы, каб вярнуць Беларусь у сэрца з’яднанай, дэмакратычнай і бяспечнай Еўропы”, адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы кіраўніка Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен і новы склад гэтай структуры з зацвярджэннем 27 лістапада Еўрапейскім парламентам.

У новы склад Еўракамісіі ўвайшлі:

  • Тэрэса Рыбера Радрыгес (Іспанія) — віцэ-старшыня па пытаннях чыстага, справядлівага і канкурэннага пераходу;
  • Хена Віркунен (Фінляндыя) — віцэ-старшыня па тэхналагічным суверэнітэце, бяспецы і дэмакратыі;
  • Стэфан Сежурнэ (Францыя) — віцэ-старшыня па эканамічным развіцці і прамысловай стратэгіі;
  • Раксана Мынзату (Румынія) — віцэ-старшыня па персанале, навыках і гатоўнасці;
  • Рафаэле Фіта (Італія) — віцэ-старшыня па адзінстве і рэформам;
  • Кая Калас (Эстонія) — вярхоўны прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі;
  • Мараш Шэфчовіч (Славакія) — камісар па гандлі і эканамічнай бяспецы, міжведамасных стасунках і транспарэнтнасці;
  • Валдзіс Дамброўскіс (Латвія) — камісар па эканоміцы і прадуктыўнасці, укараненні і спрашчэнні;
  • Дубраўка Шуіца (Харватыя) — камісар па справах Міжземнамор’я;
  • Олівер Вархей (Венгрыя) — камісар па ахове здароўя і дабрабыце жывёл;
  • Вопке Хукстра (Нідэрланды) — камісар па пытаннях клімату, вугляроднай нейтральнасці і экалагічна чыстага росту;
  • Андрус Кубілюс (Літва) — камісар па абароне і космасе;
  • Марта Кос (Славенія) — камісар па пашырэнні;
  • Ёзэф Сікела (Чэхія) — камісар па міжнародных партнёрствах;
  • Костас Кадыс (Кіпр) — камісар па рыбалоўстве і акіянах;
  • Марыя Луіш Албукерке (Партугалія) — камісар па фінансавых паслугах і Саюзу зберажэнняў і інвестыцый
  • Хаджа Лабіб (Бельгія) — камісар па гатоўнасці і крызісным кіраванні, роўнасці;
  • Магнус Брунер (Аўстрыя) — камісар па ўнутраных справах і міграцыі;
  • Йесіка Росваль (Швецыя) — камісар па пытаннях навакольнага асяроддзя, устойлівасці водных рэсурсаў і канкурэнтнай эканомікі замкнёнага цыклу;
  • Пётр Серафін (Польшча) — камісар па бюджэце, дзяржаўным кіраванні і барацьбе з махлярствам;
  • Дан Ёргенсэн (Данія) — камісар па энергетыцы і жыллёвым будаўніцтве;
  • Кацярына Захарыева (Балгарыя) — камісар па пытаннях стартапаў, даследаванняў і інавацый;
  • Майкл Макграт (Ірландыя) — камісар па пытаннях дэмакратыі, правасуддзя і вяршэнства закона;
  • Апосталас Цыцыкостас (Грэцыя) — камісар па ўстойлівым транспарце і турызме;
  • Крыстоф Хансен (Люксембург) — камісар па сельскай гаспадарцы і харчаванні;
  • Глен Мікалеф (Мальта) — камісар па справядлівасці ў адносінах паміж пакаленнямі, моладзі, культуры і спорту.

Былы прэм’ер-міністр Літвы, экс-еўрапарламентарый Кубілюс, які заняў пасаду камісара па абароне і космасе, паслядоўна падтрымлівае беларускі дэмакратычны рух. У сакавіку 2024 года быў у складзе ініцыятыўнай групы, якая правяла ў Еўрапарламенце акцыю падтрымкі беларускіх палітвязняў #EPstandsBYyou.

Новая кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Калас, будучы на пасадзе эстонскага прэм’ера, нярэдка заяўляла пра небяспеку, якая зыходзіць ад Беларусі пад кіраваннем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Яны з Ціханоўскай не аднойчы сустракаліся, апошні раз — на палях ліпеньскага саміту НАТО ў Вашынгтоне. Бакі абмеркавалі стратэгію ЕС па Беларусі.

Падзяліцца: