Мінск 18:55

Не менш за 19 замежнікаў асуджаныя ў Беларусі за “агентурную дзейнасць” — “Вясна”

Фота: pixabay.com

29 лістапада, Позірк. З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны пачасціўся пераслед замежнікаў у Беларусі за “агентурную дзейнасць” (арт. 3581 Крымінальнага кодэкса), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле даных праваабаронцаў, “агентурная дзейнасць” інкрымінаваная грамадзянам Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Германіі.

Усяго паводле гэтага артыкула асуджана не менш за 19 чалавек, у сукупнасці з іншымі абвінавачваннямі ім прызначана ў агульнай складанасці 135 гадоў зняволення.

Паводле слоў юрыста “Вясны” Паўла Сапелкі, “агентурная дзейнасць — гэта няпэўна шырокае кола дзеянняў, якое вызначаецца, як супрацоўніцтва з няпэўна шырокім колам замежных або міжнародных суб’ектаў”, да такой дзейнасці можа быць аднесеная перадача несакрэтных звестак “у мэтах нанясення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі”.

Пры гэтым, адзначыў праваабаронца, “калі такія звесткі складаюць дзяржаўныя сакрэты, то дзеянні будуць кваліфікавацца, як шпіянаж”.

Праваабаронцы прыводзяць некалькі выпадкаў пераследу паводле арт. 3581 КК. У іх ліку — справа ў дачыненні да загадчыцы маркетынгавай службай размешчанага ў літоўскім Друскінінкаі санаторыя Belorus Алены Раманаўскене, прыгаворанай 11 чэрвеня гэтага года Мінскім гарадскім судом да 6 гадоў пазбаўлення волі. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што разам з дырэктарам санаторыя яна “неаднаразова прадастаўляла звесткі аб пастаяльцах, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку аб высокапастаўленых беларускіх чыноўніках” літоўскім спецслужбам.

Паведамляецца таксама аб прысудах за “агентурную дзейнасць” грамадзянцы Латвіі Алы Сакаленка (тэрмін праваабаронцам невядомы), грамадзянам Польшчы Томашу Бярозе (14 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў 358 і 3581 КК) і Ежы Жывалеўскаму (4 гады пазбаўлення волі паводле артыкула 3581 КК), а таксама грамадзяніну Украіны Арцёму Макавею (6 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула 3581 КК).

Таксама праваабаронцы звяртаюць увагу на затрыманне ў Беларусі паводле абвінавачвання ў “агентурнай дзейнасці” грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі.

З0 верасня праваабаронцы заяўлялі, што фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі за апошнія гады стала прынамсі 59 замежных грамадзян, 30 з іх на той момант знаходзіліся ў няволі і былі прызнаныя палітвязнямі.

Адзначалася, што пад крымінальны пераслед палітычнага характару траплялі грамадзяне Германіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Швейцарыі і Швецыі.

Даведка “Позірку”. Згодна з арт. 3581 КК, супрацоўніцтва замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы, міжнароднай або замежнай арганізацыяй, спалучанае са здзяйсненнем дзеянняў, загадзя накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, пры адсутнасці прыкмет іншых больш цяжкіх злачынстваў супраць дзяржавы (агентурная дзейнасць) — караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам або без штрафу.

Пры гэтым, згодна з заўвагай да арт. 356 КК (здрада дзяржаве), асоба, якая ўчыніла дзеянні, прадугледжаныя гэтым артыкулам, а таксама артыкуламі 358 (шпіянаж) і 3581 КК вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі яна “добраахвотна і своечасова заявіла дзяржаўным органам аб учыненых ёй дзеяннях, спыніла дзейнасць, накіраваную на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, і аказала садзейнічанне ў прадухіленні шкодных наступстваў”.

Падзяліцца: