Мінск 06:18

Даследаванне БАЖ: У журналістаў праблемы са здароўем, перагрузкі, недахоп сродкаў

5 снежня, Позірк. Акрамя палітычнага ціску ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю беларускія журналісты — незалежныя і якія пайшлі з дзяржСМІ — адчуваюць перагрузкі, праблемы са здароўем, недахоп сродкаў і мноства іншых. Даходзіла і да спробаў суіцыду, гаворыцца ў выніках даследавання, праведзенага Беларускай асацыяцыяй журналістаў (працуе ў выгнанні) і прадстаўленага 5 снежня.

У даследаванні “Становішча і патрэбы прадстаўнікоў беларускага медыясектара”, якое ў трэці раз правяла БАЖ, узялі ўдзел 211 журналістаў ва ўзросце 25-55 гадоў. Акрамя таго, праведзеныя “глыбінныя інтэрв’ю” з 7 жанчынамі і 10 мужчынамі ва ўзросце 23-27, 30-42 і 47-62 года.

80% рэспандэнтаў працуюць у СМІ, 10% не працуюць, таму што не могуць знайсці працу, 4% па ўласным жаданні працуюць у іншай сферы, 2% вымушаныя не працаваць з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Не працуюць, таму што вучацца або на пенсіі, менш за 1%.

“Большасць рэспандэнтаў маюць вялікі досвед шматпрофільнай працы ў розных відах медыя. Некаторыя рэспандэнты з’яўляюцца медыяпрафесіяналамі некамерцыйных арганізацый. Большасць рэспандэнтаў працавала як у дзяржаўных рэгіянальных і абласных, так і ў незалежных СМІ. Дзве ўдзельніцы прыйшлі ў прафесію параўнальна нядаўна — пасля 2020 года”, — адзначаецца ў даследаванні.

На пытанне пра асноўныя праблемы, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю, 67,3% заявілі аб верагоднасці пераследу іх ці сваякоў, 62% — аб нізкім заробку недахопе сродкаў у іх СМІ, 40% — аб перагрузках, 34% — аб недахопе зносін з калегамі, 32% — аб адсутнасці прыдатнай працы, 27% — аб цэнзуры і самацэнзуры, 24% — аб адсутнасці адпаведных памяшканняў для працы; 20% — аб састарэлым абсталяванні і неабходнасці яго замены; 14% — аб адсутнасці журналісцкай супольнасці ў рэгіёне.

Асноўнымі асабістымі праблемамі рэспандэнты назвалі псіхалагічныя (49,3%), моўнае пытанне ў новай краіне (39,3%), праблемы са здароўем (34,6%), адсутнасць медыцынскай страхоўкі (28%), блізкіх і сяброў у новай краіне (25,6%).

У двух інтэрв’ю было прызнанне ў спробе суіцыду, яшчэ ў двух — у дыягнаставанай дэпрэсіі.

БАЖ адзначае, што беларускія журналісты знаходзяцца ва ўразлівым становішчы як унутры краіны, так і ў вымушанай эміграцыі. У сувязі з гэтым медыясектар пастаянна патрабуе сур’ёзнай міжнароднай і ўнутранай падтрымкі.

“Асаблівай увагі патрабуюць наступныя праблемы: скарачэнне колькасці працоўных месцаў у медыя, немагчымасць афармлення супрацоўнікаў у штат медыя і адсутнасць сацыяльнай абароны работнікаў СМІ, неабходнасць адрасных праграм псіхалагічнай і медыцынскай дапамогі. Акрамя таго, застаецца неабходнасць у праграмах вывучэння мясцовай мовы ў краінах рэлакацыі”, — гаворыцца ў высновах даследавання.

Падзяліцца: