Мінск 18:04

У лістападзе продажы легкавых аўтамабіляў выраслі ў Беларусі на 12,7% — БАА

Фота: ria.com

6 снежня, Позірк. У лістападзе на беларускім рынку рэалізавана на 633 новых легкавых аўтамабіляў больш, чым у кастрычніку (+12,7%), заявіў член праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Генадзь Свідзерскі (абсалютныя лічбы не прыводзяцца).

У сегменце электрамабіляў, паводле яго слоў, “назіраўся значны рост” (+187; +41,6%).

Павелічэнню аб’ёму продажаў спрыяюць “адкрыццё новых дылерскіх цэнтраў па продажах і сэрвісным абслугоўванні легкавых аўтамабіляў”, а таксама “развіццё інфраструктуры для эксплуатацыі электрамабіляў”, сказаў Свідзерскі.

Раней БАА паведамляла, што ў кастрычніку было прададзена “амаль 5 тыс. адзінак” новых легкавых аўтамабіляў (дакладная колькасць не прыводзілася).

За 2023 год члены БАА прадалі ў краіне 21.761 легкавы аўтамабіль і 3.647 лёгкіх камерцыйных аўто, паведаміў раней на прэс-канферэнцыі дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота. Было рэалізавана 78 мадэляў — на 64 менш (-45,1%), чым у 2022-м (142). Колькасць прадстаўленых марак таксама скарацілася — да 20 (у 2022-м іх налічвалася 28; -28,6%).

Па выніках 2022 года, сведчаць даныя БАА, дылеры прадалі 14.843 легкавыя аўтамабілі. Лідзіравалі Geely (4.355), Lada (3.782) і Kia (1.462).

У 2021 годзе ў Беларусі было прададзена 46.837 легкавых аўтамабіляў, у 2020‑м — 53.537, 2019‑м — 64.504.

Падзяліцца: