Мінск 19:01

Стрыжак пра спецвытворчасць: Ну, нарэшце, прыемны падарунак на дзень св. Мікалая, працуем далей (дапоўнена)

Андрэй Стрыжак
Фота: "Позірк"

6 снежня, Позірк. “Ну, нарэшце! Сядзім з Аляксеем Лявончыкам, лічым, у каго больш артыкулаў і тэрмін атрымаецца. Добры падарунак на дзень святога Мікалая. Працуем далей”, — так кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак пракаментаваў “Позірку” пачатак завочнай спецвытворчасці супраць яго.

“Віншаванні прымаю ў выглядзе даната на збор дзецям палітвязняў!” — дадаў ён.

Пазней у сацсетках Стрыжак на сваім прыкладзе з’едліва адазваўся пра тых, хто выступае за дыялог з рэжымам і лічыць, што вызваленне некаторых палітвязняў сведчыць пра гатоўнасць другога боку: “Так прыемна адчуваць мяккае падваконне “вакна магчымасцяў” пад уласнай с…й. Гляджу ў яго і бачу, як маршыруюць куцуцым строем: Акт Гуманізма, Сігнал, Гатоўнасць да Дыялогу і замыкаючым кульгае касабокі Прыпыненне санкцый. 128 гадоў налічыў [праваабаронца] Leanid Sudalenka сумарна па 17 артыкулах, што нам з Лёшам інкрымінуюцца. Схіляю галаву перад такім беспрэцэдэнтным змякчэннем рэпрэсіўных практык”.

У сваю чаргу Лявончык на паведамленне пра спецвытворчасць адрэагаваў у сацсетках пытаннем “А Наваградскі замак таксама мы развалілі?”.

6 снежня Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што напярэдадні распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Стрыжака, а таксама кіраўніка Фонду салідарнасці BY_help Аляксея Лявончыка і яшчэ пяці чалавек: ІТ-прадпрымальніка, аднаго са стваральнікаў лічбавай платформы “Новая Беларусь” Яраслава Ліхачэўскага, аднаго з заснавальнікаў BySol Аляксея Кузьмянкова, ІТ-прадпрымальніка, таксама звязанага з BySol, Аляксандра Падгорнага, кіраўніка Беларускага моладзевага хаба (Варшава) Аляксандра Лапко і актывісткі, былой сяброўкі палітвязня Эдуарда Бабарыкі, блогера Аляксандры Жук (Зверавай).

Усім прапануецца прыйсці па адрасе г. Гомель, вул.Савецкая, 34. Там размяшчаецца ўпраўленне СК па Гомельскай вобласці.

Падрабязней пра абвінавачанні:

У дачыненні да кіраўнікоў фондаў салідарнасці Стрыжака і Лявончыка распачатая спецвытворчасць (дапоўнена)

Падзяліцца: