Мінск 23:59

Латушка пра вайсковую супрацу Масквы і Мінска: Яны рыхтуюць глебу для наступнай агрэсіі

Архіўнае фота: "Позірк"

7 снежня, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца “складовай часткай ваеннай пагрозы” Расіі ў дачыненні да Украіны і краін Заходняй Еўропы, такое меркаванне выказаў у відэазвароце намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Адпаведную выснову палітык зрабіў на падставе адрасаванай Уладзіміру Пуціну просьбы Лукашэнкі размясціць у Беларусі ракетны комплекс “Арэшнік”, сцвярджэнняў дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча пра тое, што Лукашэнка можа самастойна выкарыстаць размешчаную ў краіне расійскую тактычную ядзерную зброю, падпісання 6 снежня ў Мінску дакументаў, якія тычацца бяспекі Саюзнай дзяржавы.

“Заявы пра “Арэшнік”, пра “чырвоную кнопку” ў Лукашэнкі ў руках, дагавор аб гарантыях бяспекі, канцэпцыя аб бяспецы. Усё гэта сведчыць пра тое, што Лукашэнка — не той чалавек, які выступае з міралюбнай палітыкай, — сказаў Латушка. — Ён частка ваеннай пагрозы Расіі, і ён упісваецца туды не толькі словамі, але і канкрэтнымі дзеяннямі”.

Палітык нагадаў, што рэжым “змяніў усё заканадаўства ў краіне, правёў усе магчымыя вучэнні ўсіх родаў войскаў, змяніў сістэму мабілізацыі, даў права вайскоўцам страляць у <… > грамадзянскіх асоб і не несці за гэта адказнасць, прыцягнуў, як сцвярджаецца, ядзерную зброю, а цяпер хоча “Арэшнік”, [маецца] рэгіянальная групоўка войскаў”. Такім чынам, на думку намесніка кіраўніцы АПК, Лукашэнка “робіць усё, каб уцягнуць Беларусь у перспектыве ў вайну”.

У той жа час, падкрэсліў Латушка, на Беларусь “ніхто не нападае” і “не плануе нападаць”, “такой пагрозы няма”.

“Але нам жа з вамі ўвесь час Лукашэнка спрабуе ўбіць у галаву, што нехта хоча напасці на Беларусь, — сказаў ён. — Фактычна, я думаю, зараз яны рыхтуюць глебу для наступнай агрэсіі. І гэты час агрэсіі набліжаецца. На жаль, я тут не буду даваць пазітыўныя прагнозы. Хутчэй, схільны даць такі негатыўны прагноз далейшага развіцця сітуацыі”.

Яшчэ адным пацвярджэннем таму палітык назваў планы па сумесных навучальна-баявых цэнтрах на тэрыторыі Беларусі і РФ.

“Цяпер, напярэдадні гэтага саміту (пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета 6 снежня. — “Позірк”.) у Мінску, была заява пра тое, што такія баявыя цэнтры пачалі стварацца, — сказаў ён. — Стварацца ў Гродзенскай вобласці, фактычна за некалькі кіламетраў ад мяжы з Рэспублікай Польшча і ад мяжы з Літоўскай Рэспублікай, і ў Калінінградскай вобласці. Яшчэ адзін цэнтр — у Ніжагародскай вобласці. Калінінградская вобласць — гэта таксама мяжа з Літвой, і гэта мяжа з Польшчай”.

“І гэта, вядома, выклікае асаблівую заклапочанасць у суседзяў (пра гэта цяпер шмат піша прэса), таму што гэта стварэнне вайсковых баз, вайсковых аб’ектаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў агрэсіўных мэтах адносна заходніх краін”, — канстатаваў намеснік кіраўніцы ОПК.

Палітык падкрэсліў, што “гібрыдная агрэсія” ўжо адбываецца: “Паглядзіце, колькі за гэты час нелегальных мігрантаў, штучна звезеных у Беларусь, штурмавала межы Польшчы, Літвы і Латвіі; колькі шпіёнаў было накіравана; колькі дыверсій у апошні час прайшло на тэрыторыі суседніх дзяржаў”.

“То бок гэтыя пагрозы, яны носяць перманентны характар. Тым больш, што ідзе і істотная мілітарызацыя эканомікі Беларусі, ну а ўжо пра Расію нават і казаць тут не даводзіцца”, — падкрэсліў спікер.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а потым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

Дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да РФ беспрэцэдэнтныя санкцыі. У дачыненні да Беларусі, кіраўніцтва якой лічаць саўдзельнікам Масквы, прынятыя меншыя, але ўсё адно істотныя абмежавальныя меры.

На гэтым фоне Мінск і Масква сталі імкліва збліжацца ў палітычным, вайсковым і эканамічным плане.

Падзяліцца: