Мінск 09:25

Створаны 107 гадоў таму “Белсаюздрук” будзе далучаны да “Белпошты“

Фота: "Позірк"

23 красавіка, Позірк. Аб далучэнні да яго з 30 красавіка прадпрыемства “Белсаюздрук“ паведаміў паштовы аператар “Белпошта“.

Адзначаецца, што са згаданай даты “гандлёвыя аб’екты РУП “Белсаюздрук“ (кіёскі, павільёны) будуць з’яўляцца часткай гандлёвай сеткі РУП “Белпошта“, у якіх, як і раней, будзе ажыццяўляцца рэалізацыя друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, тавараў спажывецкага попыту і інш.“

Пры гэтым “завяршэнне ўсіх арганізацыйных работ і пачатак функцыянавання кіёскаў, павільёнаў у складзе РУП “Белпошта“ плануецца 2-8 траўня 2026 года паэтапна“.

Паведамляецца, што рэалізацыя друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, тавараў спажывецкага попыту ў кіёсках і павільёнах будзе ажыццяўляцца “ў рамках заключаных дагавораў паміж РУП “Белпошта“ і рэдакцыямі, выдавецтвамі, а таксама пастаўшчыкамі“.

“Друкаваныя сродкі масавай інфармацыі па падпісцы на май-чэрвень 2026 г., аформленыя раней праз гандлёвыя аб’екты РУП “Белсаюздрук“, можна будзе атрымаць у кіёсках, павільёнах, а таксама ў аб’ектах паштовай сувязі РУП “Белпошта“. Аб месцы атрымання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі падпісчыкі будуць інфармаваныя шляхам размяшчэння аб’явы на гандлёвым аб’екце“, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі на сайце “Белсаюздруку“, ён з’яўляецца “найбуйнейшай нацыянальнай гандлёвай сеткай распаўсюджвання прэсы Беларусі, падведамнай Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, якая па стане на 01.11.2025 г. налічвала 660 гандлёвых аб’ектаў (258 павільёнаў, 321 кіёск, 28 крам, 53 гандлёвых аб’ектаў у будынку (на арэндаваных плошчах) у горадзе Мінску, а таксама ва ўсіх абласцях нашай краіны (каля 100 населеных пунктаў)”.

“Найважнейшая функцыя прадпрыемства — ажыццяўленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь”, — адзначае прадпрыемства.

У лістападзе 2025 года сістэме прадпрыемстваў “Саюздрук“ споўнілася 107 гадоў.

“За гэты час прадпрыемства пастаянна змянялася, адаптоўваючыся да ўмоў рынку і патрабаванняў сучасных спажыўцоў. Адладжаны механізм працы структурных падраздзяленняў дазваляюць удасканальваць якасць якія прадстаўляюцца паслуг, развіваць і ўкараняць новыя формы дзейнасці з улікам патрабаванняў і тэхналогій сучаснасці“, — сцвярджаецца на сайце ліквідуемай структуры.

Падзяліцца: