Мінск 00:51

Савет Рэспублікі ўхваліў праект бюджэта на 2025 год

12 снежня, Позірк. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) 12 снежня ўхваліў праект рэспубліканскага бюджэта на 2025 год, паведамляе прэс-служба верхняй палаты парламента.

Кіраўнік пастаяннай камісіі СР НС па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч заявіў, што павелічэнне паступленняў у бюджэт абумоўлена як “прагназуемым ростам эканомікі”, так і “адмысловымі мерамі ў рамках бюджэтнай кансалідацыі”. Ён згадаў індэксацыю падатковых ставак на прагнозны індэкс росту спажывецкіх цэн, павелічэнне ставак акцызаў з улікам міжнародных абавязацельстваў, пашырэнне падатковых баз шляхам павышэння якасці падатковага адміністравання, адмену малаэфектыўных падатковых ільгот.

Старшыня Савета рэспублікі Наталля Качанава заявіла, што рэспубліканскі бюджэт сфарміраваны “збалансавана”: “Радуе тое, што па ўсіх напрамках — і ахова здароўя, і адукацыя, і сацыяльная абарона — усюды ёсць рост, прычым сур’ёзны”.

5 снежня праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год прыняла ў другім чытанні Палата прадстаўнікоў Нацсходу. У першым чытанні законапраект быў ухвалены 31 кастрычніка.

Даходы прадугледжваюцца ў суме 45 млрд 835,8 млн рублёў (+8,1% да ацэнкі паступленняў у 2024 годзе), выдаткі — 50 млрд 295,2 млн рублёў (+12%).

У параўнанні з бюджэтам гэтага года ў 2025-м даходы плануецца павялічыць на 5 млрд 929,4 млн рублёў (+14,9% да пачатковай зацверджанай сумы), выдаткі — на 5 млрд 637,7 млн (+12,6%).

Дэфіцыт бюджэту ацэньваецца ў 4 млрд 459,4 млн рублёў.

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў раней адзначаў, што практычна 1 млрд з дэфіцыту бюджэту плануецца пагасіць за кошт “знешніх прыцягненняў”: “Частка гэтых сродкаў будзе прыцягнутая з РФ у выглядзе крэдыту”.

На брыфінгу 22 кастрычніка старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык выказаў меркаванне, што запланаваны ў бюджэце на 2025 год дэфіцыт “не з’яўляецца падставай для сур’ёзнай размовы”.

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, каментуючы запланаваны дэфіцыт, заявіў, што ўрад заўсёды фарміруе бюджэт, “зыходзячы з кансерватыўна-песімістычных прагнозаў для таго, каб потым была магчымасць манеўру”. “Калі эканоміка спрацуе лепш, дэфіцыт закрыецца, калі не, будзем аптымізаваць нейкія бюджэтныя выдаткі”, — сказаў ён.

Падзяліцца: