Мінск 23:37

З пачатку года больш за 300 чалавек прыцягнута да адказнасці за “прапаганду нацызму” — Вярхоўны суд

Фота: Генпракуратура

12 снежня, Позірк. З пачатку года 313 чалавек прыцягнута ў Беларусі да адміністрацыйнай адказнасці за “прапаганду, публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі” (арт. 19.10 КаАП).

Пра гэта заявіў 12 снежня старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, выступаючы ў Мінску на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да гадавіны прыняцця Канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго.

Паводле слоў Сукалы, якога цытуе прэс-служба Генеральнай пракуратуры, “адзін чалавек прыцягнуты [да адказнасці] за рэабілітацыю нацызму [паводле арт. 1301 Крымінальнага кодэкса] і яшчэ адзін асуджаны за размяшчэнне такой інфармацыі ў сетцы інтэрнэт”.

“Ажыццяўленне правасуддзя па такіх крымінальных справах аказвае сур’ёзнае інфармацыйна-асветніцкае ўздзеянне на наша грамадства. Дазваляе прадставіць і распаўсюдзіць дакладную інфармацыю аб трагедыі ваеннага часу і яго наступствах”, — сказаў кіраўнік Вярхоўнага суда.

Улады ўзмацнілі барацьбу з “рэабілітацыяй нацызму” пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых пратэстаў, якія пачаліся за імі. Тэму нібыта наяўнай сувязі паміж прыхільнікамі перамен і нацызмам выкарыстоўвае дзяржаўная прапаганда.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ў 1995 годзе ў інтэрв’ю нямецкай газеце “Хандэльсблат” станоўча адазваўся пра Адольфа Гітлера, з якім, на яго думку, было звязана “не ўсё толькі дрэннае”.

“У свой час Германія была паднятая з руін дзякуючы вельмі жорсткай уладзе. Не ўсё толькі дрэннае было звязана ў Германіі з вядомым Адольфам Гітлерам… Нямецкі парадак фарміраваўся стагоддзямі, пры Гітлеры гэта фарміраванне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта”, — сказаў Лукашэнка.

Падзяліцца: