Мінск 12:21

Перапампоўванне нафты па “Дружбе” прыпыненае з-за праблемы на помпавай станцыі ў Бранскай вобласці — Reuters

20 снежня, Позірк. Перапампоўка расійскай і казахстанскай нафты па нафтаправодзе “Дружба” ў Венгрыю, Славакію, Чэхію і Германію спыненая з 19 снежня ў сувязі з тым, што ПАТ “Транснафта” выявіла праблему на помпавай станцыі “Унеча” ў Бранскай вобласці Расіі, прыкладна за 70 км ад мяжы з Беларуссю.

Пра гэта паведаміла 20 снежня агенцтва Reuters са спасылкай на “крыніцы, якія папрасілі не называць іх, паколькі яны не ўпаўнаважаныя выступаць публічна”.

Канцэрн “Белнафтахім”, каментуючы 20 снежня ў дзяржСМІ раней апублікаваную Reuters інфармацыю аб спыненні перапампоўвання нафты з-за тэхнічных праблем (без указання прычыны), паведаміў, што “пастаўкі нафты сапраўды прыпыненыя”.

“У краіне створаныя дастатковыя запасы для бесперапыннай работы НПЗ, абодва заводы (у Мазыры і Наваполацку. — “Позірк”.) працягваюць сваю стабільную працу, забяспечваючы адгрузкі нафтапрадуктаў у поўным аб’ёме як на ўнутраны рынак, так і на экспарт”, — заявіў канцэрн.

Нафтаправод “Дружба” забяспечвае пастаўкі нафты на беларускія перапрацоўчыя заводы і яе транзіт у Еўропу. Трубаправод пачынаецца ў Самарскай вобласці РФ, праходзіць праз Бранск і далей разгаліноўваецца на два ўчасткі: паўночны і паўднёвы, праходзіць праз Беларусь, Украіну, Польшчу, Чэхію, Славакію, Германію, Венгрыю.

Падзяліцца: