Мінск 21:32

Участковы ў Віцебску выпадкова застрэліў калегу пры чыстцы пісталета, пасля чаго здзейсніў суіцыд — праваабаронцы

Фота: mogilev.ohrana.gov.by

10 студзеня, Позірк. Пра абставіны гібелі ўчастковых інспектараў МУС паведамляе праваабарончы праект “Віцебская Вясна” са спасылкай на “абазнаныя крыніцы”.

Паводле звестак праваабаронцаў, гібель супрацоўніка аднаго з РАУС Віцебска адбылася ў выніку выпадковага стрэлу яго калегі. Той дапусціў неасцярожнасць пры чыстцы табельнай пісталета.

Пасля гэтага, як сцвярджаецца, ён застрэліўся.

Паведамляецца, што загінулым было каля 20 гадоў.

“Служыць у міліцыю цяпер набіраюць усіх ахвотных, уключаючы зусім “зялёных” хлопцаў адразу пасля войска”, — гаворыцца ў публікацыі.

Пра гібель у Віцебску двух участковых паведаміла 10 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў.

Гэта адбылося 9 студзеня каля 17 гадзін “пры выкананні службовых абавязкаў у выніку няшчаснага выпадку”, гаварылася ў рэлізе.

Заяўлялася, што “разбіральніцтва знаходзіцца на асабістым кантролі міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова”.

Прозвішчы загінулых не называюцца.

Тэлеграм-канал “Віцебск, я гуляю” паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што “ў пункце аховы правапарадку супрацоўнік міліцыі застрэліў напарніка, потым сам сябе”.

Следчы камітэт у якасці асноўнай версіі гібелі ўчастковых назваў неасцярожнае абыходжанне з агнястрэльнай зброяй.

Ведамства паведаміла аб праверцы абставінаў таго, што здарылася, ход якой знаходзіцца на асабістым кантролі кіраўніка СК Дзмітрыя Гары.

Падзяліцца: