Вальфовіч, як некалі Лукашэнка, абвінаваціў праціўнікаў у намеры захапіць прыгранічныя раёны Беларусі

16 студзеня, Позірк. Краінамі Захаду “ў рамках маштабнай антыбеларускай кампаніі працягваецца падтрымка збеглых і іншых падкантрольных дэструктыўных сіл для рэалізацыі імі “плана Перамога 2.0″ па сілавым звяржэнні дзейнай улады” ў Беларусі, заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у апублікаваным 16 студзеня інтэрв’ю выданню “СБ. Беларусь сёння”.
Паводле яго слоў, “вядзецца актыўная падрыхтоўка баевікоў для так званай “беларускай вызваленчай арміі”. У Польшчы, сцвярджае чыноўнік “для кіраўніцтва працэсамі навучання баевікоў створаны камандна-каардынацыйны цэнтр “Паспалітае рушэнне”; рыхтуецца “баявое крыло”.
Ва Украіне, якая нібыта “ператварылася ў нейкую шэрую зону і выкарыстоўваецца Захадам для вядзення проксі-вайны” з Беларуссю і РФ, як сцвярджае Вальфовіч, “з прыцягненнем адмыслоўцаў украінскіх і заходніх спецслужбаў і спецпадраздзяленняў ажыццяўляецца ваенна-дыверсійная падрыхтоўка членаў розных экстрэмісцкіх фарміраванняў, якія складаюцца з беларускіх радыкалаў”.
Дзяржсакратар Савета бяспекі заявіў, што “гэтыя падраздзяленні задзейнічаюцца ў баявых аперацыях УСУ супраць расійскіх войскаў, у якіх беларускія экстрэмісты атрымліваюць баявы досвед”. “Праўда, хуткасць іх беззваротнага выбывання (ліквідацыі) увесь час узрастае. З пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне (так расійскія і беларускія ўлады называюць развязаную РФ поўнамаштабную вайну супраць украінскага народа. —“Позірк”.) усе яны выяўленыя, у тым ліку з улікам знішчаных”, — сказаў чыноўнік.
Вальфовіч, як некалі Аляксандр Лукашэнка, абвінаваціў праціўнікаў у намеры захапіць частку Беларусі. “Паводле наяўных звестак, разглядаецца магчымасць задзейнічання названых экстрэмісцкіх фарміраванняў ва ўзброенай аперацыі па захопе аднаго або некалькіх прыгранічных раёнаў Беларусі, абвяшчэнні гэтай тэрыторыі “свабоднай” і ўводу туды заходнімі краінамі нейкага “міратворчага” кантынгенту”, — заявіў ён.
Спікер таксама абвінаваціў украінскія спецслужбы ў актыўнай працы “па дыстанцыйнай вярбоўцы праз інтэрнэт беларускіх грамадзян — “спачуванцаў” — з мэтай іх схілення да аказання садзейнічання ў зборы і перадачы інфармацыі, што выклікае інтарэс, а таксама здзяйснення актыўных супрацьпраўных дзеянняў”. Паводле яго сцвярджэння, “у далейшым завербаваныя беларускія экстрэмісты выкарыстоўваюцца ўкраінскімі спецслужбамі і іх заходнімі куратарамі для стварэння сховішчаў са зброяй і боепрыпасамі, выбухнымі прыладамі і выбуховымі рэчывамі ў мэтах іх далейшага выкарыстання пры здзяйсненні тэрарыстычных нападаў і дыверсій на тэрыторыі Беларусі і Расіі, а таксама непасрэдна для іх здзяйснення”.
Разам з гэтым, сцвярджае Вальфовіч, “з дапамогай папулярных сацыяльных сетак і мэсэнджараў ажыццяўляюцца маштабнае дэструктыўнае псіхалагічнае ўздзеянне на беларускіх грамадзян, распаўсюджванне сярод <…> моладзі неанацысцкай ідэалогіі, спробы ўцягнуць яе ў супрацьпраўную дзейнасць”.
Заявіўшы пра “актывізацыю выведніцка-падрыўной дзейнасці замежных спецслужбаў” напярэдадні і ў перыяд правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, дзяржсакратар Савета бяспекі адначасова заявіў, што “з улікам адсутнасці дзейсных рычагоў уплыву на сітуацыю ўнутры Беларусі асноўныя намаганні збеглых і іх куратараў сканцэнтраваныя” на чатырох асноўных кірунказ.
Такімі ён назваў “правядзенне маштабных інфармацыйных кампаній па дыскрэдытацыі органаў улады, выбаркамаў і кіраўніка дзяржавы”, “інспіраванне пратэстных настрояў у асобных сацыяльных групах”, “учыненне дэструктыўнага псіхалагічнага ціску на членаў камісій усіх узроўняў і іх сем’і, іншых удзельнікаў выбарчага працэсу, чыноўнікаў з мэтай схілення іх да пераходу на той бок і ўнясення расколу ў вертыкаль улады“, “падрыхтоўку і правядзенне падчас выбараў правакацый для фіксацыі нібыта пратэстнай пазіцыі грамадзян, што бралі ўдзел у галасаванні”.
У адзіны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў парламента і мясцовых саветаў, 25 лютага 2024 года, Лукашэнка на выбарчым участку заявіў пра “планы збеглых” (так ён называе беларусаў, якія эмігравалі з палітычных прычын) па “захопе асобнага невялікага населенага пункта, у прыватнасці, называліся Кобрын і Маларыта”.
“Кавалачак захапіць, уладу абвясціць, усе прызнаюць гэтую ўладу, улада звернецца ў НАТО, будуць уведзеныя войскі. Гэта не блеф. Такія абмяркоўваюцца планы. Мы інфармуем вас па ўсіх кірунках”, — заявіў тады Лукашэнка.
Такім чынам, у інтэрв’ю 16 студзеня Вальфовіч “пашырыў” названыя гіпатэтычныя планы да “аднаго або некалькіх прыгранічных раёнаў Беларусі”.

- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 12–14 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка