Мінск 01:59

У Беларусі стала на адзін неспрыяльны для аграрыяў раён менш, але такіх па-ранейшаму больш за палову

Ілюстрацыйнае фота: Michael Major / Crop Trust

18 студзеня, Позірк. У 2025–2029 гадах неспрыяльнымі для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі будуць лічыцца 65 з 118 раёнаў Беларусі, вынікае з пастановы Савета міністраў № 19 ад 14 студзеня.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 18 студзеня, менш за ўсё гэтых раёнаў у такіх абласцях, як:

  • Гродзенская (4 з 17, або 23,5%) — Дзятлаўскі, Іўеўскі, Навагрудскі, Свіслацкі;
  • Брэсцкая (5 з 16, або 31,3%) — Ганцавіцкі, Лунінецкі, Маларыцкі, Пінскі, Столінскі;
  • Мінская (6 з 22, або 27,3%) — Бярэзінскі, Вілейскі, Валожынскі, Крупскі, Лагойскі, Мядзельскі.

Найбольш неспрыяльных для сельгасвытворчасці раёнаў у такіх абласцях, як:

  • Магілёўская (14 з 21, або 66,7%) — Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Глускі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі;
  • Віцебская (16 з 21, або 76,2%) — Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Лёзненскі, Мёрскі, Пастаўскі, Расонскі, Сенненскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шумілінскі;
  • Гомельская (20 з 21, або 95,2%) — Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Кастрычніцкі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі.

У параўнанні са спісам, які дзейнічаў у 2020–2024 гадах, у колькасным плане ў Беларусі стала менш на адзін неспрыяльны для сельгасвытворчасці раён. Разам з тым пазіцыі ў пераліку змяніліся — некаторыя раёны страцілі адмоўны статус, іншыя ж, наадварот, яго набылі.

Напрыклад, колькасць неспрыяльных у сельскагаспадарчым плане раёнаў Брэсцкай вобласці за гэты час засталася ранейшай — 5. Аднак цяпер у спісе не фігуруе Іванаўскі раён, затое з’явіўся Маларыцкі.

У Віцебскай вобласці колькасць такіх раёнаў скарацілася з 18 да 16: выключаны Полацкі, Талачынскі і Шаркаўшчынскі, дададзены Лепельскі.

Пералік неспрыяльных для сельскай гаспадаркі раёнаў Гродзенскай вобласці вырас з 3 да 4 — за кошт Навагрудскага.

Спіс такіх раёнаў Мінскай вобласці зменшыўся з 7 да 6 з прычыны выключэння з яго Старадарожскага.

Пералік адпаведных раёнаў Магілёўскай вобласці пашырыўся з 13 да 14, цяпер у ім фігуруюць Клічаўскі і Крычаўскі, але адсутнічае Дрыбінскі.

Толькі ў Гомельскай вобласці за гэты час не адбылося змен ні ў колькасці, ані ў складзе.

У вышэйзгаданай пастанове ўрад спасылаецца на палажэнне ўказа № 347 ад 17 ліпеня 2014 года “Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы”, у якім сярод іншага гаворыцца пра падвышаны памер субсідый для юрыдычных асоб і іх адасобленых падраздзяленняў, што ў асноўным займаюцца сельскай гаспадаркай і рыбаводствам у неспрыяльных для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі раёнах.

Згодна з палажэннем, зацверджаным 15 жніўня таго ж года Саветам міністраў, неспрыяльным для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі прызнаецца раён, на тэрыторыі якога аграпрамысловыя прадпрыемствы не могуць арганізаваць высокарэнтабельную вытворчасць “у сувязі з прыродна-кліматычнымі, глебавымі, экалагічнымі і сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі (фактарамі)”.

Падзяліцца: