Мінск 08:36

Чатыры банкі абвясцілі аб новаўвядзеннях у працы з кліентамі

21 студзеня, Позірк. Чатыры банкі, якія працуюць у Беларусі, паведамілі аб зменах у некаторых правілах абслугоўвання і прапанавалі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Альфа Банк у Беларусі” ўвёў плату за здзяйсненне расходных аперацый за мяжой з выкарыстаннем уласных карт міжнародных плацёжных сістэм. Па карце, выдадзенай у межах заробкавага абслугоўвання, камісія складзе 1% ад сумы аперацыі; па карце, выдадзенай нерэзідэнту, — 3% ад сумы аперацыі. На працягу паўгода ў межах акцыі ўзнагароджанне не будзе брацца, калі валюта аперацыі супадае з валютаю рахунка, да якога выпушчана карта.

“БСБ Банк” прадставіў для новага бізнесу пакеты разлікова-касавога абслугоўвання (РКА) “Садэчна запрашаем” з шэрагам бясплатных паслуг — адкрыццё і вядзенне рахунка, залічэнне заробку, унясенне выручкі, мабільны і інтэрнэт-банк, а таксама безліміт плацяжоў у беларускіх рублях і кругласутачную падтрымку. Для актыўнага бізнесу ўведзены пакет РКА “Бізнес-продажы”, у межах якога прадастаўляецца бясплатная смарт-касса 3 у 1 Feitian F20, падключэнне тэрмінала за 1 капейку, бясплатнае ўнясенне выручкі праз аўтаматычную дэпазітную машыну, безліміт плацяжоў у беларускіх рублях.

“МТБанк” паведаміў пра даступнасць паслугі па анлайн-афармленні некаторых прадуктаў для грамадзян — карт ці анлайн-крэдытаў у мабільным банку Moby і на пляцоўках партнёраў. Для гэтага спатрэбяцца біяметрычныя дакументы: ідэнтыфікацыйная карта грамадзяніна Беларусі; біяметрычны від на жыхарства ў Беларусі замежнага грамадзяніна; біяметрычны від на жыхарства ў Беларусі асобы без грамадзянства.

“Неа Банк Азія” прапануе праз мабільны дадатак Earlyone запісвацца да спецыяліста банка альбо ў касу і абслугоўвацца ў зручны для сябе час. У выпадку спазнення з дапамогай прыкладання можна адкласці браніраванне на 5, 10 ці 15 хвілін, або цалкам яго адмяніць.

На 1 студзеня 2025 года ў краіне быў зарэгістраваны 21 банк.

Прыбытак банкаў на 1 снежня 2024 года склаў 3 млрд 425,7 млн рублёў — на 26,7% больш, чым на аналагічную дату 2023 года (2 млрд 703,1 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка. За месяц гэты паказчык павялічыўся на 178,6 млн рублёў (на 1 лістапада — 3 млрд 247,1 млн; +5,5%).

Падзяліцца: