Лукашэнка мае намер абмеркаваць з Пуціным будаўніцтва другой АЭС у Беларусі (дапоўнена)

адаптаваны абзац 1, дададзеныя абзацы 2–4, 10–12
21 студзеня, Позірк. Пра намер абмеркаваць у бліжэйшы час з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным будаўніцтва другой АЭС у Беларусі заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня падчас наведвання Мінскага аўтамабільнага завода.
“Мы сёння маем нават невялікі лішак электраэнергіі, — цытуюць спікера дзяржСМІ. — Але ў будучыні гэтага можа не хапіць. Таму мы бліжэйшым часам абмяркуем з прэзідэнтам Расіі пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі на тэрыторыі Беларусі”.
Месца збудавання, паводле яго слоў, “яшчэ не вызначанае”, аднак маюцца патэнцыйныя пляцоўкі.
“Ці пашыраць будзем тую ў Астраўцы, ці мы маем іншую міжнародна прызнаную пляцоўку на поўдзень ад Магілёва, дзе можна пабудаваць гэтую станцыю. Лішняй электраэнергіі не бывае, мы заўсёды спажывём”, — заявіў Лукашэнка.
Адзначыўшы, што ў краіне будуецца жыллё з электрычным ацяпленнем, развіваецца электратранспарт, ён падкрэсліў, што будаўніцтва другой АЭС дазволіць “цалкам забяспечыць людзей і ў транспарце, і ў жыллі”.
Цягам апошніх гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі. Ён даручаў чыноўнікам ацаніць мэтазгоднасць павелічэння колькасці энергаблокаў дзейнай Беларускай АЭС або збудавання яшчэ аднаго ядзернага энергетычнага аб’екта.
30 красавіка 2024 года падчас наведвання Касцюковіцкага раёна (Магілёўская вобласць) Лукашэнка прызнаўся, што яго “паступова апаноўвае думка пра магчымасць будаўніцтва яшчэ адной станцыі” ў Беларусі, “але над гэтым пытаннем яшчэ думаюць, рашэнне пакуль не прынятае”.
“Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудавана БелАЭС, была вызначана Краснапалянская пляцоўка) знаходзіцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім?” — падзяліўся ён роздумамі.
Збудаванне БелАЭС пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосень 2023 года. Першы энергаблок пачаў сілкаваць энергасістэму краіны 3 лістапада 2020 года, другі — 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.
Аб’ект пабудаваны паводле праекта дзяржкарпарацыі “Расатам” і пераважна за кошт расійскага крэдыту. Раней заяўлялася, што на станцыю выдаткавана 5,36 млрд долараў. Летась 1 красавіка Мінск павінен быў пачаць пагашаць гэты крэдыт, але невядома, ці гэта было зроблена.
3 снежня 2024 года прэс-служба БелАЭС абвясціла, што на першым блоку пачаўся трэці планава-папераджальны рамонт, неабходны ў тым ліку для загрузкі свежага ядзернага паліва. Работы, мяркуючы з усяго, яшчэ працягваюцца.
19 снежня Міністэрства энергетыкі паведаміла, што другі энергаблок БелАЭС “часова адключаны ад сеткі праз спрацоўванне аднаго з датчыкаў”. “Рашэнне адключыць блок ад сеткі было прынятае для правядзення штатнай дыягностыкі працы датчыкаў забяспечвальных сістэм, — гаварылася ў рэлізе ведамства. — Адпаведныя работы цяпер праводзяцца на БелАЭС. Яны не ўплываюць на бяспеку працы станцыі і яе абсталявання”. Пра аднаўленне працы не паведамлялася.
Такім чынам, зараз БелАЭС электраэнергію ў сетку не выдае.
- ЭканомікаУ "Беллегпраме" назвалі вытворчасць спецадзення і абутку новай нішай для галіновых прадпрыемстваўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 3 чэрвеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа чатыры месяцы ў Беларусі было звольнена на 7,9% работнікаў больш, чым нанята (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах вырасла за год на 11,6% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- ЭканомікаІмпартаёмістасць ВУП у першым квартале скарацілася на 7,3 працэнтнага пунктаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

