Мінск 08:43

Вікіпедыя замацавала “Беларусь” у якасці назвы краіны, тэрмін “Белоруссия” прызнаны састарэлым

Крыніца: kupit-flag.ru

21 студзеня, Позірк. Арбітражны камітэт сусветнай анлайн-энцыклапедыі “Вікіпедыя” прыняў рашэнне замацаваць слова “Беларусь” у якасці афіцыйнай назвы краіны.

Раней у рускамоўнай версіі Вікіпедыі выкарыстоўваўся тэрмін “Белоруссия”, які адсылае да перыяду Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

У жніўні 2012 года працоўная група Вікіпедыі разглядала пытанне перайменавання, але тады быў пакінуты варыянт “Белоруссия”.

У публікацыі Вікіпедыі адзначаецца, што пазней “баланс назваў у рускамоўных крыніцах пачаў зрушвацца ў бок больш сучаснага “Беларусь”. Звяртаецца ўвага, што тэрмін “Белоруссия” ўсё яшчэ выкарыстоўваецца ў расійскіх дзяржаўных СМІ (ТАСС, РІА “Новости”, “Российская газета” і інш.).

Пры паўторным разглядзе працоўная група канстатавала, што “ў грамадскай свядомасці больш упэўнена замацоўваецца новая норма”, што дазваляе “прызнаць у якасці агульнаўжывальнай энцыклапедычнай нормы значна больш распаўсюджаны ў цяперашні момант варыянт “Беларусь”.

Па выніках праведзенага экспертамі даследавання папярэдняе рашэнне працоўнай групы прызнана састарэлым.

На старонцы Вікіпедыі, прысвечанай Беларусі, назва ўжо зменена.

Разам з тым на іншых старонках, звязаных з Беларуссю, яшчэ выкарыстоўваецца старая назва.

Падзяліцца: