Мінск 20:08

На Сусветным эканамічным форуме Ціханоўская заклікала падтрымліваць беларусаў

Скрыншот: трансляцыя Сусветнага эканамічнага форуму

22 студзеня, Позірк. Сусветныя лідары часам “недаацэньваюць значэнне свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў пытаннях бяспекі”, заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская на Сусветным эканамічным форуме, які праходзіць 20–24 студзеня ў Давосе (Швейцарыя).

Паводле слоў палітыка, некаторыя людзі “не разглядаюць сітуацыю ў Беларусі і Украіне як адзінае цэлае, але гэта так”. Расія, адзначыла яна, не бачыць ні ва Украіне, ані ў Беларусі краіны, якія “могуць самі выбіраць сваю будучыню”.

“Але калі ва Украіне РФ дзейнічае танкамі, ракетамі, то ў Беларусі мы бачым прыкметы паўзучай акупацыі, — сказала Ціханоўская. — Яны знайшлі саюзніка ў Беларусі — [Аляксандра] Лукашэнку, які з’яўляецца нелегітымным дыктатарам у нашай краіне. І праз яго яны размяшчаюць ядзерную зброю, выкарыстоўваюць нашы аб’екты, інфраструктуру, тэрыторыю, каб пагражаць нашым суседзям, правакаваць на межах, ствараць міграцыйны крызіс”.

Кіраўніца АПК заявіла, што “можна і трэба выратаваць Украіну, даць украінцам усё, што неабходна, каб выйграць гэтую вайну”. “Але часам забываецца, што Беларусь таксама мае стратэгічнае значэнне. Толькі свабодная і дэмакратычная Беларусь можа быць надзейным партнёрам і суседам. Вось чаму мы тлумачым, як важна аслабляць рэжым Лукашэнкі і ўмацоўваць дэмакратычныя сілы Беларусі”, — падкрэсліла яна.

У Беларусі, паводле слоў Ціханоўскай, людзі ўжо чатыры гады “ахвяруюць свабодай, жыццямі, каб “дэмантаваць” рэжым Лукашэнкі і стаць добрымі суседзямі для еўрапейскага свету”.

“Таму мы просім не недаацэньваць значэнне дэмакратычных сіл, — заклікала яна. — Інвестуйце не толькі ў сваю абарону (гэта надзвычай важна, каб паказаць Расіі, маўляў, мы маем зброю, маем танкі), але таксама ў грамадствы, якія змагаюцца на тым жа баку, што і вы. Нашае грамадства лепш за еўрапейскія грамадствы ведае, што значыць, калі на на вашай зямлі тыраны, ведае, як абараняць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, свае свабодныя СМІ, як супрацьстаяць прапагандзе”.

“Расія ўжо ў вашых краінах, праз прапагандысцкія пасылы яна ўжо атручвае розумы вашых людзей наратывамі: “Чаму вы павінны ахвяраваць сваім камфортным жыццём, дапамагаючы Украіне ці Беларусі?” — дадала палітык.

На пытанне, што павінны на практыцы рабіць краіны, якія падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь, Ціханоўская папрасіла саюзнікаў “заставацца паслядоўнымі”.

“Аслабляйце рэжым праз палітычную ізаляцыю, санкцыі, закрываючы ўсе магчымыя пралазы. Таму што беларускі рэжым працягвае гандляваць з Еўропай, мілітарызуе нашу эканоміку, забяспечвае расійскае войска таварамі ваеннага прызначэння, якія купляе ў Еўропе. Проста працягвайце палітыку непрызнання рэжыму Лукашэнкі”, — заклікала яна.

З іншага боку, паводле яе слоў, трэба “дапамагаць людзям, натхняць іх на барацьбу, інвеставаць у беларускія альтэрнатыўныя СМІ, у грамадзянскую супольнасць, дапамагаць умацоўваць структуры дэмакратычных сіл”.

“Глядзіце не на Лукашэнку, а на нас як на сваіх партнёраў. Лукашэнка — гэта справа мінулая. Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху ў нашым рэгіёне. Так што глядзіце на Беларусь не толькі як на праблему, але і як на магчымасць учыніць ціск на Пуціна. Таму што Беларусь з нашым кансалідаваным грамадствам (якое цяпер задушанае пастаяннымі рэпрэсіямі) — гэта самае слабое месца Пуціна, самае слабое звяно ў ланцугу. Дапамога беларусам у вяртанні сваёй краіны, аднаўленні дэмакратыі ў Беларусі — гэта самыя вялікія санкцыі супраць Пуціна”, — заявіла Ціханоўская.

Падзяліцца: