Мінск 19:51

Сыранкоў прапанаваў называць кіраўніка дзяржавы “старшынёй”, бо “прэзідэнт” адносіцца да “буржуазнай традыцыі”

Фота: sb.by

23 студзеня, Позірк. Для назвы вышэйшай дзяржаўнай пасады ў Беларусі, якой з’яўляецца прэзідэнт, больш пасуе “старшыня”, заявіў кандыдат у прэзідэнты, кіраўнік праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў у інтэрв’ю российскому информагентству “РИА Новости”.

На яго думку, слова “прэзідэнт” — “заходняе”, адносіцца “да буржуазнай традыцыі”.

“Вось “старшыня Рэспублікі Беларусь” гучыць добра, па-народнаму”, — лічыць Сыранкоў.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што альтэрнатывы Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі няма: “Наадварот, у нашай праграме выразна паказваецца, што СД варта развіваць і не абмяжоўвацца саюзам двух. Наш саюз павінен быць прывабным. Ён павінен прыцягваць іншыя краіны. Напрыклад, чаму б не падцягнуць КНДР?”.

Палітык нагадаў, што Масква выбудавала з Пхеньянам добрыя адносіны, і Мінск у гэтым пытанні “таксама можа падцягнуцца”.

Сыранкоў выступае за ўзмацненне рэпрэсій і культ асобы Сталіна, пры гэтым бачыць галоўную задачу ў тым, каб “захаваць згоду ў грамадстве”, палепшыць якасць жыцця беларусаў, “канкрэтнага чалавека”.

Падчас наведвання 21 студзеня Мінскага аўтамабільнага завода Аляксандр Лукашэнка пахваліў кандыдата ад КПБ, назваўшы яго “Сярожам Сыранковым”.

“Ну нармальна. Ён кажа: вы ведаеце, мы не супраць, мы за, мы разам, і мы будзем жадаць перамогі дзейнаму прэзідэнту. Таму што тое, што ён робіць, не разыходзіцца з нашай праграмай. Шчыра і адкрыта чалавек ад камуністаў гэта сказаў. Сказаў шчыра”, — сказаў Лукашэнка.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года (датэрміновае галасаванне — 21–25 студзеня).

Прэзідэнцкая кампанія 2025 года праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць аб імітацыі канкурэнцыі.

Падзяліцца: