Мінск 16:58

Дзярждэп ЗША паведаміў пра вызваленне ў Беларусі сваёй грамадзянкі, якую лічыць невінаватай

Фота: pixabay.com

26 студзеня, Позірк. У Беларусі з месцаў зняволення вызваленая амерыканская грамадзянка Анастасія Нухфер, паведаміў у сацыяльнай сетцы Х дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа.

Паводле яго слоў, гэта адбылося дзякуючы прэзідэнту Дональду Трампу.

Дзяржсакратар назваў Нуфер невінаватай.

Падрабязнасцяў Рубіа не паведаміў.

Інфармацыі пра гэтую жанчыну ў публічнай прасторы і ў праваабаронцаў няма. Невядома, у сувязі з чым яна была асуджаная.

На прэс-канферэнцыі 26 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вызваляе палітвязняў “выключна з прынцыпаў гуманнасці, а не таму, што нехта захацеў”.

“Ну, просяць нас і Злучаныя Штаты Амерыкі, і іншыя. Яны малайцы ў гэтым плане, яны абараняюць… У нас жа і амерыканскія грамадзяне [у зняволенні] маюцца. Мы іх чуем наўпрост, без усялякіх нашых “опаў” (апазіцыянераў. — “Позірк”.) вядзем з імі дыялог. Я думаю, і там, і тут людзі разумныя — дамовімся. Калі яны там не забівалі ў нас, не гвалтавалі, мы разгледзім гэтае пытанне, але калі яны груба парушылі Крымінальны кодэкс, я не магу гэта зрабіць, таму што заўтра мяне пачнуць <… > квасіць, я гэтага таксама не хачу”, — дадаў Лукашэнка.

17 студзеня на тэлеканале АНТ у рамках прапагандысцкага праекту “Свабода слова” было паказанае інтэрв’ю з палітвязнем грамадзянінам Беларусі і ЗША Юрыем Зянковічам. У эфіры ён быў прадстаўлены як “амерыканскі адвакат, палітолаг, эксперт”. Інтэрв’ю запісвалася на волі, мужчына быў апрануты ў гарнітур. Ці працягвае ён адбываць пакаранне (13,5 года пазбаўлення волі), невядома. Да таго на АНТ выйшлі інтэрв’ю з журналістамі, якія раней супрацоўнічалі з “Радыё Свабода”, палітвязнямі Андрэем Кузнечыкам, Ігарам Лосікам і Ігарам Карнеем.

5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Зянковіча да 11 гадоў зняволення паводле ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 3 арт. 130 (узбуджэнне сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асоб).

Пры гэтым мужчына заключыў дасудовае пагадненне са следствам, якое прадугледжвае прызнанне віны і, пры неабходнасці, садзейнічанне ў выкрыцці іншых фігурантаў справы.

У кастрычніку 2024 года суд Ленінскага раёна Магілёва прыгаварыў Зянковіча яшчэ да 2 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы).

У верасні 2024-га Зянковіч звярнуўся да Лукашэнкі з вуснай просьбай аб памілаванні і магчымасці вярнуцца ў ЗША. Заяву ён зрабіў у прадэманстраваным 19 верасня на тэлеканале “Беларусь 1” фільме “Забойная змова. Цэль — Лукашэнка”.

Як грамадзянін ЗША ён таксама звярнуўся на той момант да кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны Камалы Харыс і Дональда Трампа з просьбай паспрыяць яго “найхутчэйшаму вяртанню ў Злучаныя Штаты”.

Падзяліцца: