Мінск 07:08

Кіраўнік фонду BySol: Нічога не змянілася, працуем далей

Крыніца: сацсеткі фонду

27 студзеня, Позірк. “Ёсць хлусня, ёсць жахлівая хлусня, ёсць статыстыка, а ёсць 86,82%”, — такім чынам кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак адрэагаваў на даныя Цэнтрвыбаркама, які сцвярджае, што столькі выбаршчыкаў аддало галасы за Аляксандра Лукашэнку на мерапрыемстве, якое яго рэжым называе “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Паводле слоў Стрыжака, для арганізацыі “нічога не змянілася”, BySol працягвае працаваць далей.

На форуме “Беларусы годныя лепшага”, які прайшоў напярэдадні ў Варшаве, ён паведаміў, што фонд штогод атрымлівае ахвяраванні ад 25 тыс. чалавек. Раней паведамлялася, што ў 2024 годзе BySol адкрыў 251 персанальны збор “для пацярпелых ад тэрору”, на дапамогу людзям было сабрана амаль 620 тыс. еўра.

Фонд BySol дзейнічае з 2020 года. Апрача збору ахвяраванняў для пацярпелых ад рэпрэсій і добраахвотнікаў ва Украіне, займаецца эвакуацыяй беларусаў, што знаходзяцца ў небяспецы, дапамагае палітвязням і іх сем’ям, а таксама тым, хто вызваліўся, у адаптацыі ў новай краіне. Прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”. У дачыненні да сузаснавальніка фонду Андрэя Стрыжака і яго паплечніка, кіраўніка фонду By_Help Аляксея Лявончыка ў Беларусі ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, вядзецца спецвытворчасць.

На так званых “прэзідэнцкіх выбарах” Лукашэнка, паводле папярэдніх даных ЦВК, атрымаў 86,82%, Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) — 3,21%, Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі) — 2,02%, Ганна Канапацкая (былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года) — 1,86%, Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) — 1,74%. Супраць усіх — 3,60%.

Падзяліцца: