Мінск 02:37

ЦВК РФ заявіў пра “беспрэцэдэнтную” прысутнасць расійскіх назіральнікаў на выбарах у Беларусі

27 студзеня, Позірк. Місіі міжнародных назіральнікаў заявілі пра “дэмакратычнасць і адкрытасць” выбарчай кампаніі ў Беларусі.

У прыватнасці, прадстаўнік Цэнтрвыбаркама РФ Павел Андрэеў на прэс-канферэнцыі місіі СНД адзначыў “беспрэцэдэнтны маштаб прадстаўленасці расійскай выбарчай сістэмы ў якасці замежных міжнародных назіральнікаў”.

“Дэлегацыю ЦВК РФ узначальвала яе старшыня Эла Панфілава. Мы працавалі як па двухбаковай лініі, так і ў місіях СНД і ШАС”, — падкрэсліў ён.

Акрамя гэтага, яшчэ звыш 20 старшыняў выбаркамаў з суб’ектаў РФ назірала за выбарамі ў Беларусі, таксама назіральнікамі былі прадстаўнікі пракрамлёўскага Расійскага фонду свабодных выбараў.

Як адзначыў на прэс-канферэнцыі кіраўнік місіі СНД Сяргей Лебедзеў, выбары праведзеныя ў “поўнай адпаведнасці” з заканадаўствам“ Беларусі, яны былі “свабоднымі, празрыстымі, канкурэнтнымі і адпавядалі прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў”.

У склад місіі ўваходзіла 296 чалавек (прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Парламенцкага сходу СД, Міжпарламенцкай асамблеі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Выканаўчага камітэта СНД).

Паводле слоў кіраўніка місіі ШАС Нурлана Ермекбаева, выбары ў Беларусі былі “празрыстымі, дакладнымі і дэмакратычнымі”.

Аналагічную па змесце заяву зрабіў кіраўнік місіі Панафрыканскага парламента Форчун Чарумбіра.

Раней паведамлялася, што Цэнтрвыбаркам Беларусі акрэдытаваў на выбарах 486 міжнародных назіральнікаў, сярод якіх 374 прадстаўнікі дружалюбных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі арганізацый і органаў замежных дзяржаў, а таксама 112 “незалежных назіральнікаў” — “палітыкаў, дэпутатаў, грамадскіх дзеячаў” з 38 краін, пытанне бесстароннасці якіх застаецца адкрытым.

17 студзеня МЗС Беларусі паведаміла, што запрашэнне назіраць за выбарамі было накіраванае Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. Прадстаўнік БДІПЧ дала зразумець журналістам, што ўлады ў Мінску зрабілі гэта занадта позна, таму пазіцыя структуры застаецца ранейшай — БДІПЧ шкадуе, што рэжым Лукашэнкі перашкаджае “бесстаронняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу”.

За Лукашэнку на “выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” прагаласавала 86,82% выбаршчыкаў, заявіў старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка на прэс-канферэнцыі ноччу 27 студзеня. Паводле яго слоў, за Сяргея Сыранкова (Камуністычная партыя Беларусі) аддадзена 3,21% галасоў, Алега Гайдукевіча (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі) — 2,02%, Ганну Канапацкую (былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года) — 1,86%, Аляксандра Хіжняка (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) — 1,74%.

Дэмакратычныя краіны адмовіліся прызнаваць сёмыя выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 26 студзеня.

Падзяліцца: