Мінск 21:49

За мінулы дзень тры чалавекі загінула на пажарах, упершыню з пачатку года агонь забраў жыццё дзіцяці

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Rakelette / unsplash.com

28 студзеня, Позірк. У Беларусі за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 27 студзеня да 6:00 28 студзеня) адбылося 17 пажараў, у выніку якіх загінула тры чалавекі, вынікае з аператыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пажары здарыліся ва ўсіх абласцях, у сталіцы іх не зафіксавана.

Упершыню з пачатку года ад агню загінула дзіця. Як паведамляў “Позірк”, трагедыя адбылася ў Лунінецкім раёне (Брэсцкая вобласць). Паводле папярэдняй інфармацыі Следчага камітэта, прычынай пажару, у выніку якога памерла аднагадовая дзяўчынка, стала “дзіцячае свавольства з агнём”.

Яшчэ два чалавекі загінула ў Гродзенскай вобласці. Падрабязнасцяў МНС не паведамляе.

За суткі выратавана шэсць чалавек, у тым ліку на пажарах — пяць, траўмавана на пажарах — трое.

З пачатку года ў Беларусі адбылося 468 пажараў — на 10,2% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (521). Загінула 68 чалавек (-12,8%; 78), траўмавана — 45 (+2,3%, 44).

Падзяліцца: