Мінск 00:29

Кіраўнік ДПК: Рэзкіх зменаў на мяжы няма, але напружанасць застаецца

30 студзеня, Позірк. “Нейкіх рэзкіх зменаў” на мяжы Беларусі сёння няма, але “напружанасць застаецца”, заявіў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (ДПК) Канстанцін Моластаў 30 студзеня пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле слоў кіраўніка ДПК, відэакаментарый якога прадставіў тэлеграм-канал “Пул Першага”, Лукашэнка “ведае дэталёва абстаноўку, якая складваецца на дзяржаўнай мяжы па перыметры Беларусі”.

Вызначаныя на 2025 год задачы памежнікам і прадстаўнікам іншых ведамстваў “ўлічваюць напружанасць, якая складваецца вакол межаў Беларусі”, адзначыў Моластаў.

“Разам з абаронай дзяржаўнай мяжы з боку пагранічных войскаў найважнейшым пытаннем з’яўляецца тое, каб яны своечасова папярэдзілі аб магчымых пагрозах бяспекі”, — раней заявіў на згаданай нарадзе Лукашэнка, засцвярджаючы рашэнне на ахову мяжы ў 2025 годзе.

Ён у чарговы раз заявіў, што “сітуацыя на рубяжах няпростая”. Паводле яго слоў, сёння хапае працы “не толькі памежнікам, але і мытнікам, асабліва на прапускных пунктах”: “Чэргі з аднаго і з другога боку велізарныя, гэта дадатковая нагрузка на нашых памежнікаў”.

Беларускія ўлады ўвесь час абвінавачваюць суседнія краіны ў нарошчванні войскаў і мілітарызацыі.

У лістападзе мінулага года Лукашэнка, выступаючы на сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы ў Астане (Казахстан), заявіў, што “імкліва набірае абароты” гонка ўзбраенняў. “Працягвае мілітарызавацца ўсходнееўрапейскі рэгіён, асабліва Польшча. Ідзе НАТОфікацыя Еўропы і свету ў цэлым”, — сказаў ён.

Паводле яго сцвярджэння, Захад “марнуе ўсе сілы на барацьбу з фальшывымі праблемамі”, “прычым гэтыя фальшыўкі яны самі і ствараюць”.

На фоне абвінавачання ў мілітарызацыі суседніх краін Мінск, які падтрымлівае Крэмль у вайсковай агрэсіі супраць Украіны, працягвае нарошчваць свой вайсковы патэнцыял: у 2024 годзе ў рамках мадэрнізацыі і пераўзбраення ў ВПС і войскі СПА паступіла больш за 40 узораў узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі.

Падзяліцца: