Мінск 21:21

Узровень смяротнасці на пажарах у Беларусі практычна зраўняўся з леташнім

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

3 лютага, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 2 лютага да 6:00 3 лютага) на пажарах у Беларусі загінула два чалавекі, сведчыць аператыўная зводка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзін трагічны выпадак здарыўся ўдзень у жылым доме ў аграгарадку Леановічы (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). Агонь забраў жыццё мужчыны 1972 года нараджэння.

Увечары ў вёсцы Вярэйцы (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці) на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства адбыўся пажар у памяшканні аднапавярховага цаглянага будынка. Ратавальнікі знайшлі цела мужчыны 1974 г.н.

МНС не ўключыла ў статыстычную табліцу загінулых напярэдадні ў выніку выбуху газавага балона ў вёсцы Лугавая Вірня (Жлобінскі раён Гомельскай вобласці) траіх членаў шматдзетнай сям’і — бацьку і двух малалетніх дзяцей. У аператыўнай зводцы пазначана, што адбыўся “выбух без наступнага гарэння”.

З пачатку года ў Беларусі адбылося 567 пажараў — на 5,8% менш, чым за той жа перыяд 2024 года (602). Загінула 82 чалавекі (-3,5%; 85), траўмавана — 51 (-3,8%; 53).

Варта адзначыць, што на пачатку гэтага года ўзровень смяротнасці на пажарах быў вышэйшы за леташні. Агульная колькасць загінулых ад агню стала змяншацца ў гадавым вымярэнні толькі на дзявятыя аператыўныя суткі (з раніцы 9 студзеня да раніцы 10-га; адлік з раніцы 1 студзеня).

Падзяліцца: