Мінск 20:08

Лукашэнка хоча пастаўляць “дэталі і зборачныя адзінкі” для прадпрыемстваў ВПК у Хабараўскім краі РФ

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

3 лютага, Позірк. Беларусь магла б пастаўляць “дэталі і зборачныя адзінкі” для прадпрыемстваў грамадзянскага авіябудавання і вайскова-прамысловага комплексу ў Хабараўскім краі РФ, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 лютага на сустрэчы ў Мінску з губернатарам гэтага расійскага рэгіёну Дзмітрыем Дзямешіным.

“Я хацеў бы, каб на гэта звярнулі ўвагу. Калі такая неабходнасць будзе, мы абавязкова будзем з вамі працаваць”, — цытуе спікера яго прэс-служба.

Свае частыя сустрэчы з расійскімі губернатарамі Лукашэнка назваў “добрым знакам на перспектыву”.

“Добра, што нарэшце вонкавыя ўмовы прымусілі нас займацца сваімі праблемамі ўнутры і менш пазіраць па баках, — сказаў ён. — Я абсалютна перакананы, што, нягледзячы на сур’ёзнасць выклікаў, мы ў стане ў цяперашніх умовах вырашыць тыя пытанні, якія жыццё паставіла перад намі (Беларуссю і РФ. — “Позірк”.)”.

На яго думку, сярод ключавых напрамкаў двухбаковай супрацы пастаўкі кар’ерных самазвалаў БелАЗ: “Мы працягваем рэалізацыю нашай унікальнай тэхнікі ў вашым краі”. “На постсавецкай прасторы больш ніхто не вырабляе такія машыны. Можа быць, і не трэба — мы ў стане задаволіць попыт не толькі Расійскай Федэрацыі, але і многіх краін свету”, — сцвярджае ён.

На сустрэчы гаворка таксама ішла пра патэнцыял пашырэння паставак электратранспарту. “У рамках новага кластара па зборцы электробусаў, які ў вас ствараецца, гатовыя прапанаваць пакет рашэнняў па пераходзе асобнага населенага пункта або раёна на электратранспарт, уключаючы будаўніцтва электразараднай інфраструктуры”, — прапанаваў Лукашэнка.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

На прэс-канферэнцыі 26 студзеня 2025 года Лукашэнка, адказваючы на пытанне, ці не адчувае ён згрызот у сувязі з наданнем РФ беларускай тэрыторыі для нападу на Украіну ў 2022-м, заявіў, што ні пра што не шкадуе.

“Я не ваюю, у вайну не ўцягнуўся і сваю краіну не ўцягнуў. Але мы дапамагаем Расіі. І калі заходнікі мяне ў нечым папракаюць, я ім кажу: у вас 57 краін дапамагаюць Украіне, а я адзін, адна краіна, ну як магу. Ды якая там дапамога ўжо. <…> Што тычыцца майго ўварвання ва Украіну, украінцы ведаюць, што гэта не так”, — сказаў ён.

Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, шэраг беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў уцягнуты ў масавую вытворчасць снарадаў для расійскага войска.

Сярод прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці снарадаў калібраў 122 і 152 мм, называюцца Беларускі аўтамабільны завод і завод “БАЗцьюб” (абодва — Жодзіна, Мінская вобласць), Беларускі металургічны завод (Жлобін, Гомельская вобласць), Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання (БАТЭ, Мінская вобласць), завод “Легмаш” (Орша, Віцебская вобласць), Завод дакладнай электрамеханікі (Мінск).

Адзначаецца, што ў “схему ўваходзяць” таксама прадпрыемствы “Гомсельмаш”, Гомельскі завод ліцця і нармалей, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, ААТ “ММЗ імя Вавілава”, Аршанскі інструментальны завод, Маладзечанскі завод парашковай металургіі (Мінская вобласць), холдынг “Гарызонт”, ААТ “Інтэграл”, ААТ “Планар”, ААТ “Амкадор”, ААТ “Тэрмапласт” (усе — Мінск), Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” (Гомельская вобласць).

Значная частка снарадаў, паводле даных BelPol, прызначаная для выкарыстання рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню “Град”, якімі расійскае войска абстрэльвае Украіну.

3 снежня 2022 года на сустрэчы міністра абароны Віктара Хрэніна з расійскім калегам Сяргеем Шайгу (цяпер сакратар Савета бяспекі РФ) было падпісана пагадненне “Аб сумесным гарантаванні бяспекі ў ваеннай сферы”. BelPol сцвярджае, што гэты дакумент “мае на ўвазе дапамогу Беларусі Расіі ў знішчэнні Украіны”.

Падзяліцца: