Мінск 18:54

Канапацкая заявіла, што пасля выбараў-2025 не мае адчування свята, заклікала ўлады да міласэрнасці

Ганна Канапацкая і старшыня ЦВК Ігар Карпенка
Архіўнае фота: sb.by

3 лютага, Позірк. Апазіцыяй да “дзейнай улады і даўнім паслядоўным крытыкам палітыкі цяперашняга кіраўніка дзяржавы і курсу, які праводзіцца ў краіне”, назвала сябе Ганна Канапацкая 3 лютага на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама, дзе былі зацверджаныя канчатковыя вынікі працэдуры, якую афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Паводле слоў спікера (згодна з афіцыйнымі данымі, заняла чацвёртае месца сярод пяці прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта), яна ўдзельнічала ў кампаніі, каб “даць магчымасць грамадзянам, што маюць альтэрнатыўныя погляды, выказаць іх і паказаць, што ў Беларусі маецца мноства людзей, якія лічаць, што краіна можа развівацца па-іншаму, і яны гатовыя зрабіць іншы выбар”.

Канапацкая, паводле яе сцвярджэння, хацела “паказаць, што гэты выбар можа быць цывілізаваным, выключна ў рамках закону і правілаў канкурэнтнай палітычнай барацьбы”.

“Так, нас выявілася менш, мы не змаглі перамагчы сёння, але гэта зусім не азначае, што за намі няма будучыні, і дзеля гэтай будучыні я буду працаваць далей”, — сказала палітык.

Грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі пасля выбараў-2025 яна ахарактарызавала як “дастаткова стабільную”, разам з тым адзначыўшы: “Нельга адмаўляць, што маецца доля сацыяльнай напружанасці”. “І пры ўсёй радасці перамогі прыхільнікаў дзейнай улады, з чым я іх, безумоўна, віншую, я не маю адчування свята, пра якое сёння ўсе кажуць”, — заявіла Канапацкая.

“Кіраўнік дзяржавы не раз казаў: “Давайце перавернем старонку” 2020 года, але пакуль, на жаль, у мяне складваецца адчуванне, што з абодвух бакоў перамагаюць радыкалы, якія штурхаюць нас да далейшага расколу, — адзначыла яна. — Адныя — гэта тыя, якія выводзяць людзей на правакацыйныя акцыі па непрызнанні вынікаў выбараў і падстаўляюць іх пад крымінальны пераслед, другія — гэта тыя, хто сёння <…> не жадаюць праявіць мудрасць, міласэрнасць, а можа нават і прабачэнне”.

Канапацкая, паводле яе слоў, “хацела паказаць, што аб’яднала людзей з рознымі пазіцыямі, перакананнямі, палітычнымі поглядамі, у тым ліку тых, хто знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь”, назваўшы гэта “добрым прыкладам”.

“Гэта спрацавала, і гэта прыклад для таго, каб выкарыстоўваць такую пазіцыю для аптымізацыі і паскарэння добраахвотнага вяртання ў Беларусь людзей, якія пакінулі яе з розных прычын, але не былі ўцягнутыя ў экстрэмісцкую дзейнасць, — адзначыла спікер. — У тым ліку і ў арганізацыю прававых падыходаў спецыяльнай камісіі, якая працуе і якая напрацавала за гэтыя гады ўжо істотны досвед і практыку”.

Пад гэтай “практыкай” палітык, гледзячы з усяго, мае на ўвазе каля 200 заяў (каля 50 — у 2024 годзе), што прайшлі праз “камісію па вяртанні” пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа.

Канапацкая лічыць, што яе “веды і досвед як палітыка, заканадаўцы, удзельніка больш чым шасці выбарчых працэсаў будуць карысныя для вырашэння важных пытанняў, якія стаяць перад грамадствам”.

“Я канструктыўная, гатовая да супрацы і заклікаю да сумеснай працы па рашэнні тых задач і пераадоленні тых выклікаў, якія сёння стаяць перад намі і перад беларускім грамадствам”, — заявіла палітык. Зварот яна адрасавала “у тым ліку СМІ, бо сёння ад іх шмат залежыць”.

У апошнім пункце раздзела “Сацыяльная палітыка і дэмаграфія” сваёй перадвыбарнай праграмы Канапацкая абазначыла пазіцыю па пытанні палітвязняў (але не выкарыстала гэты тэрмін). У выпадку перамогі яна абяцала ажыццявіць “змякчэнне пакарання з максімальна магчымым прымяненнем амністыі і памілавання ў дачыненні да асоб, прыцягнутых да адказнасці за падзеі папярэдняга электаральнага цыкла, і прыняцце мер па іх больш хуткай сацыяльнай і працоўнай адаптацыі ўнутры краіны”.

Ганна Канапацкая — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года. На выбарах-2025, паводле афіцыйных даных, набрала 1,86% галасоў.

Электаральная працэдура прайшла пад поўным кантролем уладаў і на фоне беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій. Прадстаўнікі многіх дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый ужо заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў і Аляксандра Лукашэнку ў якасці прэзідэнта Беларусі.

Падзяліцца: