Мінск 13:03

Кіраўнік Паўночнай Карэі павіншаваў Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын
Ілюстрацыйнае фота: Генеральнае консульства КНДР ва Уладзівастоку

4 лютага, Позірк. 25-м кіраўніком дзяржавы, які павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з “перавыбраннем на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, стаў “старшыня дзяржаўных спраў КНДР паважаны таварыш” Кім Чэн Ын, вынікае з паведамлення Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва (Паўночнай) Карэі (ЦТАК).

Паўночнакарэйскі кіраўнік выказаў надзею на “далейшае развіццё стасункаў сяброўства і супрацы паміж КНДР і Рэспублікай Беларусь у інтарэсах народаў дзвюх краін”.

Варта адзначыць, што Кім накіраваў Лукашэнку віншавальную тэлеграму 3 лютага — у дзень, калі Цэнтрвыбаркам афіцыйна абвясціў Лукашэнку пераможцам у працэдуры, якую рэжым у Мінску лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”. Папярэднія віншавальнікі не сталі чакаць канчатковых вынікаў выбараў-2025 і віталі падаўжэнне паўнамоцтваў Лукашэнкі на працягу тыдня пасля абвяшчэння папярэдніх лічбаў у ноч на 27 студзеня.

20 студзеня ЦТАК паведаміла, што малодшая сястра Кім Чэн Ына, намесніца дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта кіроўнай у КНДР Працоўнай партыі Карэі, малодшая Кім Ё Чжон абвергла заяву Лукашэнкі, якая прагучала 17 студзеня, пра тое, што Пхеньян прапаноўваў Менску арганізацыю сустрэчы на найвышэйшым узроўні.

“Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР”, — цытавала агенцтва Кім Ё Чжон, якая адзначыла, што з боку Пхеньяна такой прапановы не паступала.

“Калі вы спадзяецеся на развіццё стасункаў супрацы з намі, важна дакладна заявіць пра свае намеры. Я лічу, што такая праўдзівасць і сумленнасць павінны стаць зыходным пунктам у двухбаковых стасунках паміж краінамі. Калі Беларусь зыходзіць з гэтай пазіцыі і імкнецца развіваць з намі стасункі сяброўства і супрацы, мы не маем падстаў адмаўляцца і з радасцю гэта вітаем”, — заявіла яна.

17 студзеня на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці ў 2025 годзе Лукашэнка заявіў, што “каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы” (інфармацыі пра тое, ці павіншавала кіраўніцтва Інданезіі Лукашэнку з падаўжэннем паўнамоцтваў, на гэты момант няма).

Віншуючы кіраўніка Паўночнай Карэі 9 верасня 2024 года з Днём утварэння Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Лукашэнка адзначыў, што “ўвесь свет з’яўляецца сведкам” таго, як КНДР “з гонарам ідзе па шляху незалежнага развіцця”.

Мінск і Пхеньян, лічыць ён, “хутка дасягнуць значнага прагрэсу ў наладжванні практычнага ўзаемадзеяння ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, медыцына і фармацэўтыка, адукацыя”.

Беларускія ўлады каля года таму сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы.

На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.

18 студзеня 2024 года Сяргей Алейнік, які на той момант займаў пасаду кіраўніка МЗС, абмеркаваў “паглыбленне супрацы” з намеснікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кімам Сонгам Жыёнгам. Сустрэча адбылася на палях саміту Руху Недалучэння ў Кампале (Уганда).

У красавіку 2024 года ў рамках “планавых палітычных кансультацый” паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін Пхеньян наведваў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў.

23–25 ліпеня КНДР наведаў цяперашні міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Па выніках візіту ён заявіў, што Паўночная Карэя — “краіна вельмі цікавая, і канкрэтны прыклад, як працуюць фейкі, якія навязваюцца праз нейкія інфармацыйныя рэсурсы міжнароднай супольнасці”.

“Будоўля ідзе па ўсіх тых гарадах, якія мы праляталі ці праязджалі. Пхеньян — вельмі чысты, добры, акуратны горад. Толькі што няма вялізных асабнякоў такіх за кальцавой, як у нас бывае”, — адзначыў Рыжанкоў.

Вайскоўцы КНДР бяруць удзел у вайне Расіі супраць Украіны на баку Масквы. Мінск падтрымлівае агрэсію.

Электаральная працэдура 26 студзеня 2025 года, якая завецца “сёмымі выбарамі прэзідэнта Беларусі”, прайшла пад поўным кантролем уладаў і на фоне беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій.

Віншаванні з “перавыбраннем” Лукашэнка атрымаў ад лідараў 25 дзяржаў: Азербайджана, Алжыра, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Зімбабвэ, Ірана, Казахстана, Кітая, КНДР, Кубы, Кыргызстана, Лаоса, Нікарагуа, ААЭ, Амана, Пакістана, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана і Эсваціні.

Пра непрызнанне вынікаў “выбараў” у той ці іншай форме заявілі 40 дзяржаў: Аўстралія, Аўстрыя, Албанія, Андора, Бельгія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Малдова, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя і Эстонія.

Падзяліцца: