Мінск 12:01

Шарэнда-Панасюк прапанавала Пазьняку, які яе крытыкуе, заняць месца палітвязняў

Паліна Шарэнда-Панасюк пасля вызвалення і выезду з краіны на чыгуначным вакзале Вільнюса 6 лютага 2025 года
Фото: "Позірк"

20 лютага, Позірк. Заняць месца палітвязняў прапанавала Зянону Пазьняку былы вязень Паліна Шарэнда-Панасюк у адказ на ягоную заяву аб недапушчальнасці падпісання ў зняволенні пагаднення аб супрацоўніцтве з Камітэтам дзяржбяспекі.

На думку Шарэнды-Панасюк, палітвязні — гэта “захопленыя акупацыйным рэжымам закладнікі”. Закладнікамі яны перастаюць быць толькі ў пяці выпадках: “іх выкупляюць, іх абменьваюць, іх вызваляюць у выніку сілавой аперацыі па вызваленні закладнікаў / ультыматыўнага ціску на захопнікаў, іх забіваюць, яны забіваюць сабе самі”.

Беларускім закладнікам, мяркуе актывістка, пакінулі толькі два апошнія варыянты. “Выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Перад такім фактам паставілі нас каты — памілоўка (прашэнне аб памілаванні. — “Позірк”.) + інтэрв’ю + паперка аб супрацоўніцтве. Толькі так, адным пакетам. Ніякіх іншых варыянтаў”, — адзначыла Шарэнда-Панасюк, падкрэсліўшы, што напісала паперы пад дыктоўку 24 снежня 2024-га і 3 лютага 2025 года, “прайшоўшы 270 жахлівых дзён тэрору ШЫЗА, год ПКТ (штрафны ізалятар, памяшканне камернага тыпу. — “Позірк”.) і дзясяткі пякельных этапаў“.

Паводле слоў былой палітзняволенай, падпісваючы паперы, яна ўжо ведала, што ні секунды не збіраецца быць “Эдэльвейсам“ (прысвоены ёй агентурны псеўданім. — “Позірк”.), што мае імгненні на тое, каб збегчы з Беларусі, якую назвала “канцлагерам“.

“Сп. Зянон! Ёсць усё ж яшчэ адзін метад выратавання закладнікаў — калі хтосьці прапаноўвае сябе на іхнае месца. У лукашысцкіх лагерах смерці засталіся Вікторыя Кульша, Вольга Маёрава, Алена Гнаўк. Калі Лукашэнка такі міласэрны, калі прыслухоўваецца да вас, прапануйце сябе на іх месца. Пакаштуйце таго, праз што рэжым прапусціў іх, і тады, калі застанецеся жывыя, здаровыя, пры розуме, не ўзненавідзіце ўвесь свет, мы абмяркуем з вамі маральныя бакі пытання“, — рэзюмавала Шарэнда-Панасюк.

Лідар руху “Вольная Беларусь“ Зянон Пазьняк у інтэрв’ю “Радыё Свабода“ заявіў, што памыліўся ў Шарэнда-Панасюк, з нагоды вызвалення якой “фактычна двойчы звяртаўся да Лукашэнкі”.

“Я — галоўны яго палітычны апанент. І я пераступаю праз сябе і прашу яго: “Выпусці гэтую жанчыну”. Ну, выпусціў. Гэтая жанчына пахіхікала з мяне, сказала: “Гэта ўсё чэпуха, хто там Пазьняка слухае“ і гэтак далей”, — заявіў ён.

Паводле слоў Пазьняка, у зняволенні можна падпісваць любыя прашэнні аб памілаванні, таму што “грош яму цана — галоўнае выйсці“. Аднак падпісваць пагадненне аб супрацоўніцтве з КДБ — “гэта табу, гэта закон, гэтага рабіць нельга”.

Шарэнда-Панасюк прабыла ў няволі 4 гады і 29 дзён — з 3 студзеня 2021 года да 1 лютага 2025-га. Праз чатыры дні пасля вызвалення пакінула Беларусь.

Гл. таксама:

“Думала, што ўжо ніколі не выйду”. Першае інтэрв’ю Паліны Шарэнда-Панасюк на волі

Падзяліцца: