Мінск 10:51

Заходнія дыпламаты прыехалі да будынка суда падтрымаць журналіста-палітвязня Ігара Ільяша

Фота: амбасада ФРГ у Мінску

21 лютага, Позірк. Дыпламаты акрэдытаваных у Мінску прадстаўніцтваў Еўрасаюза і еўрапейскіх краін 21 лютага прыбылі да будынка Мінскага гарадскога суда, дзе ў гэты дзень пачаўся разгляд крымінальнай справы журналіста Ігара Ільяша.

“Сёння мы прыехалі падтрымаць Ігара Ільяша. Супраць яго вядзецца судовы працэс з-за выказванняў аб арышце ягонай жонкі Кацярыны Бахвалавай па палітычных матывах і аб удзеле Беларусі ў супрацьзаконнай захопніцкай вайне Расіі супраць Украіны. Права на свабоду слова і выказвання меркавання павінна выконвацца”, — падкрэсліла амбасада Германіі.

Мяркуючы па размешчанай у сацсетках інфармацыі, у акцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі ЕС, а таксама Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Славакіі, Нідэрландаў, Фінляндыі, Чэхіі і Швецыі.

Прызнаны праваабаронцамі палітвязнем Ільяш абвінавачваецца паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Пра затрыманне Ільяша — мужа журналісткі, палітзняволенай Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — паведамілі праўладныя рэсурсы летась 22 кастрычніка. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што такім чынам ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”.

Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў “збор звестак для замежных разведак — даваў каментары ўкраінскім выданням”.

На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся кадравым супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаны на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.

Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 дзён, ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальную справу не атрымала.

Андрэева была затрымана разам са сваім аператарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“плошча Перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі.

Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да васьмі гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгаворана да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін восем гадоў і тры месяцы. Адлік вядзецца з моманту затрымання восенню 2020 года.

20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты прысуд у сіле. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” была замененая на “шпіянаж”.

3 верасня таго ж года Чульцова выйшла на волю. Цяпер пражывае ў Польшчы.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, зараз у месцах несвабоды ўтрымліваецца 39 прадстаўнікоў СМІ.

Падзяліцца: