Мінск 15:54

Украіна працягвае распрадаваць арыштаваны беларускі калій

Ілюстрацыйнае фота: clearerimages.com

4 сакавіка, Позірк. Пра паспяховую рэалізацыю чарговай партыі беларускіх угнаенняў паведаміла 3 сакавіка Агенцтва па вышуку і менеджменце актываў (АВМА) Украіны.

Паводле інфармацыі ведамства, за 4.299 тон хларыду калію ў 61 чыгуначным вагоне атрымалі больш за 45,5 млн грыўняў (каля 1,09 млн долараў).

Сярод іншага грошы пойдуць на набыццё ваенных аблігацый, адзначае АВМА.

Пра пачатак рэалізацыі беларускага хларыду калію — у агульнай складанасці 30.431 т — агенцтва абвясціла 15 лістапада 2024 года. У студзені 2025-га было прададзена угнаенняў на 112,6 млн грыўняў (2,7 млн долараў). 18 лютага ўкраінскі бок рэалізаваў 56 вагонаў з хларыдам калію на 42,4 млн грыўняў (каля 1,02 млн долараў), 25-га — 50 вагонаў на 36 млн грыўняў (каля 866 тыс. долараў).

Усе сродкі ад рэалізацыі арыштаваных актываў традыцыйна накіроўваюцца на ўзмацненне эканомікі і абараназдольнасці Украіны.

6 лютага 2023 года паведамлялася, што Генеральная пракуратура Украіна наклала арышт на 170 чыгуначных вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі коштам каля 100 млн грыўняў (на той момант больш за 2,7 млн долараў). Адзначалася, што груз належыць беларускаму ААТ “Беларуськалій” і расійскай кампаніі “Уралкалій”.

“Паводле даных следства, чыгуначныя кантэйнеры з угнаеннямі прыбылі ва Украіну яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання [24 лютага 2022 года]. Яны знаходзіліся ў рэжыме “транзіт” у Мікалаеве на тэрыторыі Марскога спецыялізаванага порта”, — гаварылася ў заяве ўкраінскага нагляднага ведамства.

Сцвярджалася, што беларускі і расійскі калій перавозіўся “ў трэція краіны для продажу і атрымання мільённых прыбыткаў”, пры гэтым частка выручкі “ў выглядзе падаткаў пайшла б на фінансаванне вайны РФ супраць Украіны”.

Арыштаваную маёмасць перадалі АВМА.

5 траўня 2022 года Генпракуратура Украіны паведаміла пра арышт 33 тон мінеральных угнаенняў, якія належаць прадпрыемствам з Расіі і Беларусі.

26 траўня 2024 года ў марскім порце Мікалаеўскай вобласці было арыштавана каля 77 тыс. тон мінеральных угнаенняў ААТ “Беларуськалій” разам са 188 вагонамі. Кошт актываў ацэньваўся ў 20 млн долараў.

Падзяліцца: