Мінск 20:33

Дваццаціградуснае цяпло ў Беларусь прыйшло на чатыры дні раней за ранейшы рэкорд

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 сакавіка, Позірк. Да 19,9 градуса вышэй за нуль прагрэлася паветра ў Беларусі днём 9 сакавіка. Такім чынам, чацвёрты дзень запар у краіне фіксуюцца абсалютны рэкорд за ўвесь перыяд інструментальных назіранняў за надвор’ем (з 1881 года) і лакальныя максімумы на ўсіх метэастанцыях.

Акрамя таго, як вынікае з праведзенага “Позіркам“ параўнальнага аналізу аператыўных і архіўных даных Белгідрамета, такое цяпло ў новым годзе прыйшло на 4 дні раней за ранейшы рэкорд (13 сакавіка 2002 года 19,9 градуса ў Брагіне).

6 сакавіка абсалютны рэкорд дня быў перавышаны на 2,7 градуса (19,7 у Самахвалавічах супраць 17 у 1995 годзе ў Брэсце), 7-га — на 2,1 (19,4 у Лельчыцах супраць 17,3 таксама ў 1995-м У Гомелі), 8-га — на 2,6 (19,6 у Пінску супраць 17 у 2019-м у Брагіне), 9-га — на 3,8 (19,9 у Лельчыцах супраць 16,1 у 2015-м у Васілевічах).

Найстарэйшы рэкорд — 1967 года — мінулым днём быў перапісаны ў Брэсце (18,7 супраць 14,1). У Баранавічах абноўлены экстрэмум 50-гадовай даўніны (15,5 супраць 11,9).

Пяць перапісаных максімумаў адносяцца да 1990 года: у Лельчыцах (было 14,3), Ваўкавыску (16,8 супраць 11,9), Валожыне (15,7 супраць 10,3), Гродне (14,8 супраць 12,2) і Лепелі (14,6 супраць 9,8). Астатнія былі зарэгістраваныя ў 2006-2019 гадах.

У Мінску паветра прагрэлася да 15,5 градуса (было 12,5 у 2017 годзе), Гомелі — да 18,4 (15,3 у 2015-м), Магілёве — да 15,8 (12,7 у 2017-м), Віцебску — да 14,5 (11,5 у 2017-м).

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: