Мінск 06:45

Улады Беларусі і Грузіі хочуць надаць “дадатковую дынаміку” міждзяржаўнаму дыялогу

Намеснік кіраўніка МЗС Павел Уцюпін і амбасадар Грузіі Георгій Саганялідзэ (справа налева)
Фота: МЗС Беларусі

11 сакавіка, Позірк. “Узаемную зацікаўленасць у наданні міждзяржаўнаму дыялогу дадатковай дынамікі” пацвердзілі на сустрэчы 10 сакавіка ў Мінску намеснік міністра замежных спраў Павел Уцюпін і амбасадар Грузіі ў Беларусі Георгій Саганялідзэ.

Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, грузінскі дыпламат уручыў беларускаму чыноўніку копіі даверчых грамат.

Паведамляецца, што бакі сярод іншага абмеркавалі планы па падрыхтоўцы “сумесных мерапрыемстваў на розных узроўнях”.

Грузія стала адной з краін, у якую эмігравала нямала беларусаў, ратуючыся ад распачатых пасля падзей 2020 года рэпрэсій. У краіне пражывае каля 12 тыс. беларускіх грамадзян. Іх колькасць паступова змяншаецца ў сувязі з працяглым палітычным крызісам і заканчэннем тэрміну дзеяння пашпартоў, якія пасля ўказа Аляксандра Лукашэнкі, выдадзенага ў верасні 2023 года, немагчыма абмяняць за мяжой.

Улады Грузіі адхіляюць усе заявы беларусаў пра наданне прытулку. Кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Еўрасаюзам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі (абраны аднапартыйным парламентам прэзідэнт Міхеіл Кавелашвілі павіншаваў таго з “перавыбраннем”), яе метады барацьбы з апазіцыяй усё больш нагадваюць беларускія.

Падзяліцца: