Мінск 15:35

Многія беларускія жанчыны атрымліваюць не кветкі, а турэмныя тэрміны — Ціханоўская

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

11 сакавіка, Позірк. “Сёння многія беларускія жанчыны атрымліваюць не кветкі, а турэмныя тэрміны”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 11 сакавіка на спецыяльнай пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбуры (Францыя), прысвечанай Міжнароднаму жаночаму дню.

Гэтыя жанчыны, паводле слоў палітыка, “не гуляюць, не маршыруюць на парадах, а ідуць у залы суда”, яны “не могуць атрымліваць асалоду ад раскошы міру і дэмакратыі — за іх даводзіцца змагацца”. “І мы змагаемся”, — сказала Ціханоўская.

“Мы змагаемся за тое, каб не апынуцца ў ценю рэваншысцкай расійскай імперыі, якая імкнецца заняволіць нашыя народы і сцерці нашую мову, нашу культуру, нашу самабытнасць. Мы змагаемся за нашых палітвязняў — больш за 1.200 чалавек за кратамі, з іх 155 жанчын. Ізаляваных. Закатаваных. Пазбаўленых медыцынскай дапамогі. Але яны не здаюцца”, — падкрэсліла дэмлідар.

“Мы змагаемся за справядлівасць, — дадала яна. — Каб кожны вінаваты ў рэпрэсіях, катаваннях і ваенных злачынствах быў прыцягнуты да адказнасці. Бо адкладзенае правасуддзе — гэта адмова ад правасуддзя. Мы змагаемся за еўрапейскія каштоўнасці — свабоду, бяспеку і дабрабыт. Мы змагаемся за Украіну, бо нашыя лёсы пераплеценыя. Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі. І без вольнай Беларусі не будзе трывалага міру ў Еўропе”.

Таксама вядзецца барацьба “супраць ілюзій”, адзначыла Ціханоўская. “Пуцін і Лукашэнка не хочуць міру — яны хочуць падпарадкавання. Трывалы мір павінен грунтавацца на павазе, аднак Пуцін гэтага не прадэманстраваў”, — заявіла палітык.

На сесіі таксама выступіла былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая заклікала да новых метадаў ціску на рэжым Лукашэнкі. Сярод іх яна назвала не толькі новыя санкцыі з жорсткім кантролем за іх выкананнем, але і поўнавартасную блакаду ды гандлёвае эмбарга на падставе 33-га артыкула Статута Міжнароднай арганізацыі працы.

“Праз канцлагер пад назвай Беларусь не павінна быць ніякага транзіту тавараў, што ідуць у Еўропу з Кітая і іншых краін Усходу. Рэжым павінен стаць поўным ізгоем у палітычным, эканамічным і спартыўным плане. Гэта рэальныя дзеянні, якія прымусяць рэжым вызваліць палітвязняў. І гэта будзе першы крок да вызвалення ўсяго народа Беларусі”, — сказала Шарэнда-Панасюк.

Ціханоўская наведвае Страсбург 11–12 сакавіка.

Падзяліцца: