Мінск 07:47

Комплекс будынкаў “Краснасельскае” на 12 гектарах пад Мінскам з’яўляецца рэзідэнцыяй Лукашэнкі — BelPol

Крыніца: BelPol

16 сакавіка, Позірк. Комплекс будынкаў “Сядзіба “Краснасельскае” ў Мінскім раёне з’яўляецца адной са шматлікіх рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі, гаворыцца ў апублікаваным 16 сакавіка расследаванні аб’яднання BelPol.

Будынкі гэтай рэзідэнцыі размешчаныя на ўчастку зямлі плошчай 11,6 гектара недалёка ад вёскі Шаршуны, адзначаюць расследвальнікі.

Сцвярджэнне аб прызначэнні комплексу зроблена на аснове прадстаўленага дакумента з грыфам “Для службовага карыстання”, у якім гаворыцца, што “Сядзіба “Краснасельскае” эксплуатуецца “для забеспячэння дзейнасці кіраўніка дзяржавы”.

BelPol паведамляе, што рэзідэнцыя складаецца з пяці жылых дамоў (плошча асноўнага — 730 квадратных метраў), двух гаражоў, асобнай лазні, “доміка паляўнічага і рыбака” (230 кв.м), спартыўнай пляцоўкі, тэніснага корта, СПА-цэнтра (940 кв.м) і інш.

На тэрыторыі таксама размешчаныя лыжаролерная траса і верталётная пляцоўка.

Па перыметры рэзідэнцыі ўстаноўлена каля 60 відэакамер.

Усе будынкі адрозніваюцца раскошнай і дарагой абстаноўкай, заяўляюць аўтары расследавання. У асноўным жылым доме знаходзяцца зімовы сад, сталовая, бібліятэка, хатні кінатэатр, асабісты кабінет (78 кв.м), спальня (56 кв.м), турэцкая лазня, сауна, джакузі, трэнажорная зала, басейн і інш. Будынак абсталяваны сістэмай урадавай сувязі.

Таксама ў доме ўсталяваны “душ уражанняў “Карыбскі шторм”, які працуе ў розных рэжымах з дапамогай камп’ютэрнага кіравання, яго кошт складае каля 20 тыс. долараў, адзначае BelPol.

Пры гэтым, згодна з дакументамі, зямлёй, на якой знаходзяцца будынкі, распараджаецца Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (“Дыпсэрвіс”). Яно аддало ўчастак у арэнду з 28 чэрвеня 2012 года па 24 чэрвеня 2111-га кампаніі “СертусАвія”, зарэгістраванай на Кіпры.

Гадавая арэнда гэтай зямлі, паводле звестак расследвальнікаў, складае “смяхотныя” 2.900 рублёў, тады як рынкавы кошт “у сотні разоў большы”. Таксама “СертусАвія” асабістым распараджэннем Лукашэнкі вызвалены ад выплаты падаткаў на зямлю і нерухомасць.

Уладальнікам гэтай кампаніі з’яўляецца іншая з кіпрскай рэгістрацыяй — “Блатберг Холдынгс”, адзначаюць аўтары. Ёй, як сцвярджаецца, належаць усе будынкі на згаданым участку зямлі.

Абедзве кампаніі BelPol звязвае з набліжаным да Лукашэнкі расійскім прадпрымальнікам Міхаілам Гуцэрыевым, які мае буйныя бізнес-актывы ў Беларусі.

У расследаванні гаворыцца, што Гуцэрыеў пабудаваў для Лукашэнкі рэзідэнцыю ў якасці “платы за дзейнасць на тэрыторыі Беларусі”.

“Сядзіба “Краснасельскае” названая “17-й рэзідэнцыяй Лукашэнкі” і “хабарам” расіяніна за магчымасць зарабляць у Беларусі пад патранажам уладаў.

“Лукашэнка — рассаднік карупцыі. Ён яе не перамог, ён яе ўзначаліў”, — падкрэсліваюць аўтары расследавання.

Пра тое, што “Сядзіба “Краснасельскае” можа быць рэзідэнцыяй Лукашэнкі, у 2017 годзе паведамляў “Белсат”. Таксама незалежныя СМІ ўстанавілі сувязь аб’екта з Гуцэрыевым.

Мясцовыя жыхары паведамілі медыя, што ў гэтым месцы “часам адпачывае” Лукашэнка.

“У гэтую суботу прыязджаў. Усе ачапілі, на дарогу не выйсці, толькі ў двор. Бывае тут перыядычна, прыяжджае раз у месяц”, — сказаў “Нашай Ніве” ў 2017-м жыхар вёскі Доўбарава.

Раней на месцы “Сядзібы “Краснасельскае” знаходзіўся санаторый.

18 верасня 2023 года BelPol апублікаваў расследаванне аб будаўніцтве рэзідэнцыі Лукашэнкі на вуліцы Чырвонаармейскай у цэнтры Мінска.

Паведамлялася, што працы праводзяцца за сродкі дзяржбюджэту, іх кошт складзе больш за 14 млн долараў.

Увагу аўтараў расследавання прыцягнула зона адпачынку ў меркаванай рэзідэнцыі. У гэтай частцы будынка спраектаваны СПА-аб’ект з плавальнай дарожкай, сауна і крыакамера, хамам, масажны кабінет і два душы з назвамі “Тропіка” і “Сібірская ноч”.

Сярод іншага супрацоўнікі BelPol ацанілі кошт санвузла, размешчанага побач са спальняй “гаспадара” будынка. Сцвярджалася, што тумба пад рукамыйніцу ў памяшканні абышлася дзяржбюджэту ў суму каля 6.600 рублёў, трымальнік для ручнікоў — 3.312 рублёў, мыльніца — 1.656 рублёў, ёршык — каля 600 рублёў, трымальнік для туалетнай паперы — амаль 300 рублёў.

Апублікаваную інфармацыю расследвальнікі падмацавалі атрыманымі дакументамі.

22 верасня Лукашэнка назваў “інфармацыйнай атакай” паведамленні аб будаўніцтве яго новай рэзідэнцыі на вуліцы Чырвонаармейскай.

“Нядаўна з’явілася інфармацыя: Лукашэнка пабудаваў сабе новую рэзідэнцыю, там, напэўна, будзе УНС (Усебеларускі народны сход. — Позірк.). Я думаю: дзе пабудаваў, хто пабудаваў? Без мяне гэта не маглі пабудаваць. Аказваецца, старое аддзяленне — рэабілітацыйнае або нейкае лякарні [старшыні Мінгарвыканкама] Кухараву аддалі. Вялікую гэтую бальніцу чыноўніцкую. Маленькую пабудавалі за горадам. І там было аддзяленне гэта рэабілітацыі, дзе там у басейнах кагосьці выцягвалі, расцягвалі”, — заявіў Лукашэнка.

Не ўдакладніўшы, пра які менавіта аб’ект гаворка, Лукашэнка адзначыў, што рамонтам займалася Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

“На другіх паверхах даручыў: усе фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), дабрачынныя, сабраць пад адзін дах. Гэта прэзідэнт пабудаваў сабе рэзідэнцыю там, новую. Слухайце, мне хапае працоўных месцаў, дзе працаваць. Тут я працую і за горадам, адзін да аднаго кабінеты. Больш мне нічога не трэба”, — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што публікацыі аб новай рэзідэнцыі з’явіліся, каб яго “абмакнуць”.

У 2021 годзе былы міністр культуры, а цяпер намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што ўсяго ў Лукашэнкі 15 рэзідэнцый.

Падзяліцца: