Мінск 13:17

Толькі ў Віцебскай вобласці няма абмежаванняў на наведванне лясоў — Мінлясгас

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

24 сакавіка, Позірк. Абмежаванне на наведванне лясоў дзейнічае ва ўсіх раёнах Гомельскай і Гродзенскай абласцей, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Таксама абмежаванні ўведзеныя па ўсёй Мінскай вобласці, акрамя Лагойскага і Мядзельскага раёнаў, а таксама па ўсёй Брэсцкай вобласці, акрамя Лунінецкага раёна.

У Магілёўскай вобласці пад абмежаванні трапілі Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Круглянскі, Магілёўскі, Асіповіцкі, Хоцімскі і Шклоўскі раёны.

У Віцебскай вобласці абмежаванняў на наведванне лясоў няма.

Абмежаванне азначае, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы. Даступныя пешыя прагулкі і збор ягад і грыбоў.

За парушэнне пажарнай бяспекі прадугледжаная адказнасць паводле арт. 15.29. КаАП (штраф для фізічных асоб — да 25 базавых велічынь, або 1.050 рублёў).

Паводле аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з 6:00 23 сакавіка да 6:00 24 сакавіка ў Беларусі ліквідавана 127 пажараў травы і кустоў (на агульнай плошчы 29,44 гектара), 15 лясных пажараў (12,81 га), а таксама два тарфяныя пажары (0,004 га).

З 15 лясных пажараў (два ў Брэсцкай вобласці, па чатыры ў Гомельскай і Мінскай, пяць у Гродзенскай) сем ліквідавана сіламі Мінлясгаса, два — сіламі МНС, шэсць — сумесна Мінлясгасам і МНС. Усяго да ліквідацыі прыцягнулі 191 чалавека і 63 адзінкі тэхнікі.

Белгідрамет абвясціў на 24 сакавіка “аранжавы” ўзровень небяспекі ў сувязі з узмацненнем ветру парывамі 15–20 м/с.

У 2024 годзе амаль 60% усіх лясных пажараў выяўлена з дапамогай аўтаматычнай сістэмы відэаназірання, у лясах працуе 400 камер, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Віктар Звяртоўскі на прэс-канферэнцыі 19 сакавіка.

Паводле яго слоў, сярэдняя плошча ляснога пажару летась склала 0,7 га.

Падзяліцца: