Мінск 15:53

Ад жніўня 2020 года колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Польшчы вырасла ў пяць разоў

Беласток
Ілюстрацыйнае фота: Ymblanter / wikimedia.org

24 сакавіка, Позірк. На 28 лютага 2025 года дазвол на пражыванне ў Польшчы мела 143.097 грамадзян Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал “Беларусы Польшчы” са спасылкай на польскае Упраўленне па справах замежнікаў.

На канец 2023 года ў гэтай краіне жыло амаль 119 тыс. грамадзян Беларусі, якія атрымалі дакументы для легальнага знаходжання. У жніўні 2020 года такіх было 28 тыс. Такім чынам, за 4,5 года колькасць легалізаваных у Польшчы беларусаў вырасла ў 5,1 раза.

Часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы мае 88.684 беларускія грамадзяны, сталы — 42.378, дадатковую абарону — 8.699; карту рэзідэнта Еўрасаюза — 1.655; статус уцекача — 883; часовую абарону — 637; іншую форму легалізацыі — 161.

Пераважная большасць беларусаў (62%) атрымлівае дазвол на пражыванне ў сувязі з працай, з “іншых абставін” — 17%, для ўз’яднання сям’і — 17%, навучання — 4%.

Каля траціны легалізаваных беларусаў — 53 тыс. — пражывае ў Мазавецкім ваяводстве, дзе знаходзіцца Варшава; прыкладна дзясятая частка — 15 тыс. — у Падляскім ваяводстве, цэнтрам якога з’яўляецца Беласток.

Мужчыны складаюць 58% атрымальнікаў усіх тыпаў дазволаў на знаходжанне ў краіне, жанчыны — 42%.

Адзначаецца, што агульная колькасць беларусаў у Польшчы афіцыйна не называецца праз складанасць уліку людзей з дакументамі розных катэгорый.

Паводле нефармальных ацэнак польскіх дзяржаўных органаў, у краіне на гэты момант можа знахадзіцца больш за 350 тыс. грамадзян Беларусі.

З 2019 года беларусы з’яўляюцца другой паводле колькасці групай замежнікаў у Польшчы пасля ўкраінцаў.

Колькасць грамадзян Беларусі, што атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы, скарацілася за год на 10,4%, сведчылі даныя Упраўлення па справах замежнікаў, апублікаваныя на пачатку 2025-га.

Больш за 48 тыс. беларускіх грамадзян звярнуліся па легалізацыю ў 2024 годзе.

Толькі за студзень 2025 года ад беларусаў паступіла больш за 4 тыс. адпаведных зваротаў.

Летась у снежні намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка паведаміў “Позірку”, што больш за 240 тыс. грамадзян Беларусі падалося на атрыманне дазволу на знаходжанне ў Польшчы з 2021 года. З іх да таго моманту больш за 140 тыс. мела дзейныя дакументы аб легалізацыі.

Падзяліцца: