Мінск 14:39

Дэпутаты Вярхоўнай Рады заклікалі ўрад Украіны “разарваць дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі”

Крыніца: pixabay.com

25 сакавіка, Позірк. Міжфракцыйнае аб’яднанне “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны заклікала ўрад “разарваць дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі”, паведаміў 25 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале народны дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

У спецыяльнай заяве, прынятай да Дня Волі, адзначаецца, што “дзясяткі гадоў апошні дыктатар Еўропы Лукашэнка” ператварае Беларусь у дэ-факта акупаваную Расіяй тэрыторыю.

У дакуменце Лукашэнка названы “марыянеткай Крамля”, які “замест абароны беларусаў стаў саўдзельнікам Расіі ў ваенных злачынствах”.

Акрамя разрыву дыпадносін, аб’яднанне прапануе “прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй” і “перадаць памяшканне беларускай амбасады дэмакратычным сілам Беларусі”.

У сувязі з Днём Волі заявы на сваіх старонках у сацсетцы Х зрабілі таксама краіны Балтыі.

“Літва падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць у іх барацьбе за свабодную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь, а таксама супраць нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі”, — адзначыла Міністэрства замежных спраў Літвы.

МЗС Латвіі выказала салідарнасць “з усімі беларусамі, якія выступаюць за свабодную і дэмакратычную Беларусь у сям’і еўрапейскіх народаў”.

Знешнепалітычнае ведамства Эстоніі заявіла, што “будучыня свабоднай і дэмакратычнай Беларусі — у еўрапейскай сям’і народаў”.

МФА “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе было створана 30 чэрвеня 2020 года, паводле слоў Ганчарэнкі, для таго “каб дапамагчы беларусам стварыць дэмакратычную, свабодную і сапраўды незалежную дзяржаву”. “Мы зробім усё магчымае, каб інфармаваць міжнародныя арганізацыі пра сітуацыю ў Беларусі, дапамагаць беларускім палітвязням і звычайным людзям выйсці на свабоду”, — адзначаў тады дэпутат.

25 жніўня 2024 года аб’яднанне, з нагоды 33-й гадавіны надання статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР (прынятай 27 ліпеня 1990 года), заклікала Украіну і яе саюзныя краіны разарваць з рэжымам Лукашэнкі не толькі дыпламатычныя, але і эканамічныя ды іншыя сувязі.

Падзяліцца: