Мінск 19:11

“Адзіная Расія” выдзеліла беларускім дзецям 20 пуцёвак у крымскі лагер “Артэк”, супраць якога ўведзеныя санкцыі

27 сакавіка, Позірк. 20 бясплатных пуцёвак выдзелена беларускім школьнікам для паездкі ў летні лагер “Артэк” па выніках праведзенага конкурсу, прымеркаванага да 100-годдзя гэтай аздараўленчай установы, вынікае з паведамлення партыі “Адзіная Расія”.

У конкурсе “Людзі Артэка” ўзялі ўдзел 252 школьнікі ва ўзросце 12–17 гадоў з 21 краіны, заяўляе расійская партыя ўлады.

Адзначаецца, што канкурсантам “прапаноўвалася правесці даследчую працу, прысвечаную людзям, якія пабылі ў дзіцячым цэнтры ў розныя гады, а таксама сімвалам і песням дзіцячага цэнтра”, удзельнікі “маглі падрыхтаваць відэаролікі, плакаты і малюнкі”.

“Самымі актыўнымі” ўдзельнікамі конкурсу ў паведамленні названыя дзеці з Арменіі, Беларусі, Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Індыі і Егіпта.

Усяго было выдзелена 100 пуцёвак у лагер, яны прадастаўленыя школьнікам з 16 краін.

“Рускі дом у Мінску” (дзейнічае пад эгідай Рассупрацоўніцтва) апублікаваў прозвішчы беларускіх дзяцей. Пры гэтым лагер “Артэк” знаходзіцца ў анексаваным РФ Крыме, за наведванне паўвострава могуць быць уведзеныя санкцыі з боку Украіны і Еўрасаюза.

17 ліпеня 2023 года на фоне ўварвання РФ ва Украіну цэнтр “Артэк” унесены ў санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі за дачыненне да “праграмы расійскага ўрада па прымусовай дэпартацыі і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей”.

24 жніўня 2023 года ў дачыненні да “Артэка” ўвялі санкцыі ЗША. Адзначалася, што абмежаванні накіраваныя “супраць датычных да гвалтоўнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расію”.

24 чэрвеня 2024-га санкцыі супраць лагера ўвёў Еўрасаюз.

Падзяліцца: