Мінск 01:00

Аэрапорт Мінск 30 сакавіка пяройдзе на вясенне-летні расклад палётаў

Ілюстрацыйнае фота: William Hook / unsplash.com

28 сакавіка, Позірк. Нацыянальны аэрапорт Мінск з 30 сакавіка па 25 кастрычніка будзе працаваць паводле вясенне-летняга раскладу палётаў.

Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорта, “па асобных напрамках зменіцца час выканання рэйсаў”. Пры гэтым удакладняецца, што расклад “мае планаваны характар ​​і можа карэктавацца”.

Паводле звестак аэрапорта, авіякампанія “Белавія” з 26 красавіка аднаўляе сезонныя рэйсы ў Махачкалу (два разы на тыдзень), з 29 траўня — у Мурманск (адзін раз на тыдзень).

“Чартарная праграма будзе прадстаўленая такімі традыцыйнымі напрамкамі, як Турцыя (Анталья, Бодрум, Ізмір) і Егіпет (Хургада, Шарм-эль-Шэйх). Плануецца працягнуць выкананне новых папулярных чартараў у Аман (Салала) і ААЭ (Рас-эль-Хайма/Шарджа)”, — паведаміў нацыянальны авіяперавозчык.

Расійскія авіякампаніі “Победа” (“Перамога”) і “Рэд Вінгс” паведамілі, што ў новым сезоне адновяць фарматы выканання рэйсаў у Мінск — штодзённыя палёты з Масквы і Санкт-Пецярбурга, а таксама рэгулярныя з Ульянаўска, Уфы і Архангельска. “Аэрафлот” збіраецца павялічыць частату палётаў паміж сталіцамі Беларусі і РФ да сямі разоў на дзень (улетку — 49 рэйсаў штотыдзень).

Авіякампанія “Ікар” (сумесна з Nordwind) плануе з красавіка аднавіць рэйсы з Пермі ў Мінск (два разы на тыдзень).

Каляндар авіяцыйных сезонаў у адпаведнасці з нормамі Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту дзеліцца на два перыяды — летні (з апошняй нядзелі сакавіка па апошнюю суботу кастрычніка) і зімовы (з апошняй нядзелі кастрычніка па апошнюю суботу сакавіка).

Раней адміністрацыя аэрапорта Мінск паведамляла, што “прагнозныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2024 год выкананы”. Заяўлялася, што “колькасць самалёта-вылетаў за мінулы год павялічылася на 9%, аб’ём апрацаванага грузу — на 17%”. Рост пасажырапатоку “забяспечаны на ўзроўні 13%”, колькасць пасажыраў, якіх абслужылі, “перавысіла адзнаку ў 2,8 млн чалавек”.

Падзяліцца: