Мінск 13:43

Ціханоўская на 11-ы дзень пасля знікнення Мельнікавай: Я не хацела б спекуляваць на гэтую тэму

Архіўнае фота: "Позірк"

8 красавіка, Позірк. “Мы ўсе перажываем і хвалюемся, але ў такіх абставінах я не хацела б спекуляваць на гэтую тэму”, — сказала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў відэазвароце ў сваім тэлеграм-канале з нагоды знікнення спікера Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.

Ціханоўская 8 красавіка патлумачыла, што не каментавала знікненне Мельнікавай, бо дагэтуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, што адбылося. Расследаваннем займаецца польская паліцыя і пракуратура, адзначыла яна і выказала падзяку ўсім, хто прыкладае намаганні па пошуку палітыка.

Таксама дэмлідар выказала падтрымку “ўсім сябрам Каардынацыйнай рады, якая працягвае працу, нягледзячы на ўсе цяжкасці”.

“Прашу вас: памятайце пра меры бяспекі, і — самае важнае — не забывайцеся берагчы і падтрымліваць адзін аднаго”, — сказала Ціханоўская.

Яе заява прагучала на 11-ы дзень пасля таго, як 28 сакавіка прэс-служба кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі паведаміла “Позірку”, што Мельнікава не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і не выходзіць на сувязь з 25 сакавіка.

Пазней СМІ паведамілі, што спікер КР магла вылецець з Польшчы ў Вялікабрытанію, дзе на яе імя быў набыты авіябілет. 7 красавіка стала вядома, што паліцыя Вялікабрытаніі не вядзе расследаванне ў сувязі з яе знікненнем.

Латушка таксама паведаміў, што згодна з апошняй інфармацыяй ад польскіх праваахоўных органаў, Мельнікава “не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, але, хутчэй за ўсё, не знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі”.

Палітык атрымаў адказ на свой папярэдні запыт, з якога вынікае, што папярэдняе расследаванне пра “абгрунтаванае падазрэнне ў здзяйсненні злачынства” ў дачыненні да Мельнікавай вядзе аддзел “па барацьбе з тэрарызмам і забойствамі” варшаўскай паліцыі.

Таксама партал “Зеркало” паведаміў, што дазваніўся да былога мужа Мельнікавай. Мужчына пацвердзіў журналістам, што іх дзеці — дзяўчынкі сямі і 13 гадоў — знаходзяцца з ім у Беларусі.

Падзяліцца: