Мінск 01:43

Кабанчук: Дазвол замежным грамадзянам, у тым ліку беларусам, на службу ў ЕС дапамог бы ўмацаваць нацыянальныя войскі

Вадзім Кабанчук
Архіўнае фота: "Позірк"

14 красавіка, Позірк. Ахвочых бараніць Еўропу ў выпадку эскалацыі могуць быць дзясяткі тысяч, таму дазвол замежным грамадзянам, у тым ліку беларусам, на службу ў еўрапейскіх краінах дапамог бы ўмацаваць нацыянальныя войскі. Такую заяву зрабіў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Вадзім Кабанчук па выніках першай панэлі мерапрыемстваў у Празе (Чэхія), прысвечанай бяспецы ў рэгіёне і месцу Беларусі ў еўрапейскай сістэме бяспекі. 

Як паведамляе прэс-служба АПК са спасылкай на Кабанчука, падчас дыскусіі ўздымаліся тэмы мілітарызацыі і эскалацыі ў рэгіёне, уплыву рэжыму Лукашэнкі на агульную дэстабілізацыю, а таксама пытанне размяшчэння расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і іх агрэсіўных намераў.

Асобна абмяркоўваліся будучыя вайсковыя вучэнні “Захад–2025”, якія “знаходзяцца пад увагай еўрапейцаў і адпаведных структур, усе разумеюць сур’ёзнасць сітуацыі і тое, што не выключаны сцэнарый далейшай эскалацыі”.

“На жаль, пра паспяховасць ініцыятыў па прымірэнні Расіі і Украіны сёння можна гаварыць толькі ў вельмі аддаленай перспектыве. Таму мы рыхтуемся да развіцця падзей, як любыя вайсковыя структуры, з пункту гледжання горшага сцэнарыя”, — адзначыў Кабанчук.

Адзін з меседжаў дэмакратычных сілаў — “каб еўрапейцы падумалі пра змену нацыянальных заканадаўстваў і заканадаўства ў межах ЕС і далі дазвол на праходжанне вайсковай службы для замежных грамадзян”.

“У нас ёсць запыт з боку беларускай дыяспары ў Еўропе — яе прадстаўнікі гатовыя далучыцца і бараніць краіны, у якіх яны жывуць, найперш гэта краіны Усходняй Еўропы. Дарэчы, ужо ёсць шмат беларусаў, якія атрымалі грамадзянства Польшчы або Чэхіі, і некаторыя з іх праходзяць службу ў сілавых структурах гэтых краін”, — падкрэсліў прадстаўнік АПК.

Яшчэ адзін важны меседж, паводле Кабанчука, — “стварэнне альтэрнатывы не толькі ў грамадзянскім і палітычным сектары, але і ў сілавым”, каб ахоўнікі рэжыму разумелі, што “для іх ёсць варыянт, выбар, які рана ці позна перад імі паўстане”.

Апроч таго, у Празе абмяркоўвалася тэма супрацьдзеяння агентуры рэжыму на тэрыторыі ЕС. Чэшскія партнёры знаёмыя з гэтай праблемай і разглядаюць яе як рэальную пагрозу — адпаведныя выпадкі фіксаваліся і на тэрыторыі Чэхіі, паведаміў Кабанчук.

У мерапрыемствах, арганізаваных 11 красавіка Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі і Пражскім цэнтрам трансатлантычных адносін (PCTR) пры падтрымцы МЗС Чэхіі, узялі ўдзел сенатар Павел Фішар, урадавы камісар па аднаўленні Украіны Томаш Капечны, іншыя прадстаўнікі чэшскіх палітычных і экспертных колаў. Мерапрыемства адкрылі кіраўніца Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе Крысціна Шыянок і намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Ян Мар’ян. На адкрыцці прысутнічаў амбасадар Аўстрыі.

Шыянок выказала падзяку чэшскаму палітычнаму кіраўніцтву за “непахісную падтрымку” беларускага дэмакратычнага руху і дзейнасці офіса ў Чэхіі.

“З 2020 года Чэхія прыняла сотні беларускіх палітычных уцекачоў. Беларусы ведаюць, што з-за прынцыповай пазіцыі нашы чэшскія саюзнікі часта становяцца мішэнню для спецслужбаў Пуціна і Лукашэнкі. І яны тым больш цэняць вашу падтрымку. Цэняць тое, што вы не ставіце знак роўнасці паміж рэжымам і народам, паміж расіянамі і беларусамі”, — падкрэсліла Шыянок.

Замежныя грамадзяне, сярод якіх і беларусы, ваююць на баку Украіны. 1 красавіка Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў, што паводле папярэдніх ацэнак, з 2014 года праз шэрагі Узброеных cіл Украіны і добраахвотніцкіх фарміраванняў прайшло больш за 1 тыс. беларускіх грамадзян, многія з якіх працягваюць служыць у складзе палка Каліноўскага.

9 сакавіка 2022 года быў створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк.

Падзяліцца: