Мінск 04:48

Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у 24 раёнах чатырох абласцей — Мінлясгас

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

15 красавіка, Позірк. Абмежаванне на наведванне лясоў дзейнічае ў 24 з 118 раёнаў чатырох з шасці абласцей Беларусі, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Напярэдадні абмежаванні дзейнічалі толькі ў Ляхавіцкім і Баранавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Цяпер да іх дадаліся Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі і Столінскі раёны.

У Гомельскай вобласці пад абмежаванні трапіў толькі Лельчыцкі раён; Мінскай — Слуцкі, Капыльскі і Салігорскі; Гродзенскай — Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Зэльвенскі, Лідскі, Мастоўскі, Свіслацкі, Слонімскі і Шчучынскі.

Абмежаванне азначае, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы. Даступныя пешыя прагулкі і збор ягад і грыбоў.

За парушэнне пажарнай бяспекі прадугледжаная адказнасць паводле арт. 15.29 КаАП (штраф для фізічных асоб — да 25 базавых велічынь, або 1.050 рублёў).

Паводле аператыўных даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з 6:00 14 сакавіка да 6:00 15 сакавіка ліквідавана тры лясныя пажары (Гомельская вобласць — два, Мінская — адзін) на агульнай плошчы 2,024 гектара, а таксама 46 пажараў травы і кустоў на плошчы 8,593 га.

У 2024 годзе амаль 60% усіх лясных пажараў выяўлена з дапамогай аўтаматычнай сістэмы відэаназірання, у лясах працуе 400 камер, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Мінлясгаса Віктар Звяртоўскі на прэс-канферэнцыі 19 сакавіка.

Паводле яго слоў, сярэдняя плошча ляснога пажару летась склала 0,7 га.

Падзяліцца: