Мінск 00:44

Ціханоўская напярэдадні Вялікадня: Будучыня за тымі, хто захоўвае чалавечнасць

Видео: Офис Светланы Тихановской / Стоп-кадр: "Позірк"

19 красавіка, Позірк. Сёлета Вялікдзень ёсць асаблівым, бо “ўпершыню за доўгі час усе хрысціянскія цэрквы святкуюць яго разам”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў відэазвароце да ўсіх беларусаў, якія 20 красавіка адзначаюць найстаражытнае і найважнейшае хрысціянскае свята.

“Не трэба быць веруючым, каб пагадзіцца: супольнасць і адзінства — асабліва важныя каштоўнасці для беларусаў, — сказала палітык. — Вялікдзень — гэта свята перамогі дабрыні над злом. Яно нагадвае пра тых, хто працягваў верыць і захоўваць надзею, нягледзячы на цёмныя часы. Нават калі здавалася, што зло бярэ верх, ні страх, ні падман, ні гвалт не змаглі перамагчы чалавечнасць і праўду”.

Паводле слоў Ціханоўскай гісторыя Хрыста ёсць гісторыяй “чалавека, якога спрабавалі знішчыць, заглушыць, зняважыць”.

“На яго наракалі, пра яго распускалі паклёпы і плёткі, каб паменшыць яго ўплыў на людзей, — адзначыла дэмлідар. — Яго выганялі з уласнай зямлі. А ён разам з вернымі паслядоўнікамі працягваў дапамагаць і ратаваць, упэўнена нёс дабрыню і святло. Ён не здаўся пад прыгнётам сквапных уладаў і застаўся верным таму, што лічыў правільным. Гэтая стойкасць і вера здольныя натхняць і сёння”.

“Дык няхай гэты дзень стане нам напамінам: будучыня за тымі, хто захоўвае чалавечнасць. За тымі, хто не прымае хлусню і працягвае мяняць сусвет праз любоў і падтрымку. Дык няхай нашыя сэрцы заўсёды будуць поўныя святла і дабрыні. І няхай гэтая дабрыня вядзе нас да вольнай краіны, дзе не будзе месца гвалту, страху і нянавісці”, — зычыла Ціханоўская.

Падзяліцца: